Журналіст сайта Хартыя'97 возьме ўдзел у прэс-канферэнцыі Сяргея Нарышкіна
- 13.10.2010, 10:12
Сёння ў Маскве прадстаўнікі беларускіх СМІ возмуць удзел у прэс-канферэнцыі кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргея Нарышкіна.
Як паведамілі «Радыё Свабода» ў прэс-службе расейскага прэзідэнта, прэс-канферэнцыя Сяргея Нарышкіна будзе датычыць «актуальнай сітуацыі ў беларуска-расейскіх стасунках». Таксама адзначылі, што мінулагодняя сустрэча беларускіх журналістаў з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым была «планавай».
На сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Расеі будзе прысутнічаць і журналістка сайта charter97.org Наталля Радзіна.
«Мяне запрашалі на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтон, Лондан, Варшаву, Кіеў, Брусэль. Але ўпершыню мяне запрасілі ў Крэмль. Магчыма, прычына гэтага ў тым, што кіраўніцтва Расеі раней не ведала, не мела ніякіх стасункаў ні з беларускай апазіцыяй, ні з незалежнымі СМІ. Цяпер гэта вельмі пазітыўны крок. Я радая, што буду на гэтай прэс-канферэнцыі і з першых вуснаў даведаюся пра пазіцыю кіраўніцтва Расеі адносна сітуацыі ў Беларусі», - падкрэсліла Наталля Радзіна.
Рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль браў удзел у мінулагодняй сустрэчы беларускіх журналістаў з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Яна адбылася у загараднай рэзідэнцыі расейскага прэзідэнта «Барвіха» і доўжылася амаль паўтары гадзіны.
Сёння адбудзецца сустрэча з Сяргеем Нарышкіным.
«Брыфінгі» - гэта нармальная з'ява. У гэтым выпадку асаблівая цікавасць да беларуска-расейскіх стасункаў. І даведацца з першых вуснаў пра намеры, тэндэнцыі і палітычныя задумкі расейскага боку – важна і цікава. Ёсць падтэкст, вядома, што гэта наўпроставы сіметрычны адказ на прэс-канферэнцыю Лукашэнкі. Гэтае адценне не вельмі прывабнае. Тым не менш, сама па сабе сустрэча павінна мець пэўнае значэнне як дадатак да інфармацыі пра беларуска-расейскія стасункі», - кажа Аляксей Кароль.
1 верасня беларускі кіраўнік арганізаваў у Менску прэс-канферэнцыю для расейскіх рэгіянальных СМІ. Ён жорстка выказаўся ў адрас расейскага кіраўніцтва. У адказ прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў абвінаваціў Лукашэнку ў спробах зрабіць Расею ворагам.