Амбасадар Ізраіля ў Беларусі пакідае сваю пасаду
- 15.10.2010, 14:22
Дыпламат Эдзі (Эдуард) Шапіра атрымаў новае прызначэнне - ён узначаліць генконсульства Ізраіля ў Санкт-Пецярбургу.
У нядзелю, 10 кастрычніка, ведамасная камісія па кадравых прызначэннях МЗС Ізраіля вызначыла кандыдатуру генконсула ў Санкт-Пецярбургу. У бліжэйшы час гэтую пасаду зойме 47-гадовы Эдзі Шапіра, які са студзеня мінулага года з'яўляецца амбасадарам Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь. Ён лічыцца адным з найбольш вопытных ізраільскіх дыпламатаў у пытаннях постсавецкай прасторы, піша сайт Izrus.co.il.
Шапіра рэпатрыяваўся з Кішынёва ў 11-гадовым узросце. Ён атрымаў першую акадэмічную ступень па эканоміцы і менеджменце ў Тэль-авіўскім універсітэце, і там жа - дыплом магістра па кіраванні бізнэсам. Яго дыпламатычная кар'ера праходзіла на Украіне, у Тайландзе і ў Расеі. У Маскве ён працаваў у 2003-2005 гадах, быў «другім нумарам» у ізраільскай амбасадзе. Затым Шапіра заняў пасаду намесніка кіраўніка прэс-службы МЗС па Усходняй Еўропе і СНД. На гэтай пасадзе ён здолеў прыкметна пашырыць сувязі знешнепалітычнага ведамства з вядучымі СМІ і журналістамі Расеі, а таксама іншых рэспублік былога Саюза.
У МЗС падкрэсліваюць, што прызначэнне генконсулам ў Санкт-Пецярбургу дзейнага амбасадара сведчыць пра тое значэнне, якое афіцыйны Іерусалім надае свайму дыппрадстаўніцтву ў паўночнай сталіцы Расеі. Адзначаецца таксама, што Шапіра ўступіць у новую пасаду пасля таго, як яго кандыдатура будзе адобраная расейскім знешнепалітычным ведамствам.