Начальнік плодаагародніннай базы сышоў з дыстанцыі
- 21.10.2010, 11:49
21 кастрычніка начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў заявіў, што сыходзіць з прэзідэнцкі гонкі.
«Мая ініцыятыўная група, сябрам якой з'яўляюся і я, спыняе збор подпісаў, не набраўшы ўсталяванай колькасці для рэгістрацыі мяне ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», - кажацца ў заяве Рыжова, якую цытуе БелаПАН.
Паводле яго словаў, рашэнне аб зняцці з выбараў было прынятае сумесна з лідэрамі ініцыятыўнай групы.
«Гэты складаны перыяд у маім жыцці быў пройдзены годна, сумленна і без увязвання мяне і сябраў ініцыятыўнай групы ў нядобрасумленныя схемы грамадска-палітычнай дзейнасці, якія навязваліся нам», - заяўляе Рыжоў.
Такім чынам, у цяперашні час у выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 14 прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі.
Нагадаем, да гэтага аб спыненні ўдзелу ў выбарах заявілі Сяргей Гайдукевіч і Пётр Барысаў. Апошні зняўся на карысць Віталя Рымашэўскага.