У рэгіёнах пачынаецца валютная паніка
- 21.10.2010, 16:12
У рэгіянальных аддзяленнях банкаў набыць даляры - праблема. Уся валюта скупляецца сходу.
Як піша выданне «Вячэрні Брэст» да іх звярнулася жыхарка Бярозы. «Памкнулася ехаць у Хмяльніцкі і вырашыла набыць 200 даляраў. Абыйшла пасля абеду ўсе «абменнікі» Бярозы - пуста! Нідзе няма валюты. Прыйшлося займаць у сяброўкі. Пасля вяртання з Хмяльніцкага атрымалася набыць патрэбную суму амерыканскіх грашзнакаў. Аказваецца, попыт на іх настолькі высокі, што набыць даляры можна толькі з раніцы...»
У Беларусі чацвёрты месяц запар попыт насельніцтва на замежную валюту перавышае прапанову. У прыватнасці, у верасні насельніцтва прадало 634,7 млн даляраў (на 3,5% больш, чым у жніўні), набыла - 691,9 млн даляраў (на 6,7% больш, чым у папярэднім месяцы), паведамляе Нацбанк. У тым ліку, продаж наяўнай валюты склаў 627 млн даляраў (на 3,6% больш), купля - 643,6 млн даляраў (на 4,5% больш). Такім чынам, чыстая купля насельніцтвам замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) склала эквівалент 57,2 млн даляраў супраць 35 млн даляраў у жніўні, 60 млн даляраў у ліпені і 30,9 млн даляраў у чэрвені. У красавіку і траўні насельніцтва прадало валюты больш, чым набыла: чысты продаж інвалюты складаў у траўні 29,9 млн даляраў, у красавіку - 3,6 млн даляраў, паведамляе АФН.