Пракуратура лічыць, што апазіцыянер збіў сябе сам
- 26.10.2010, 9:07
Пракуратура Петрыкаўскага раёна адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па скарзе Кастуся Жукоўскага, збітага супрацоўнікамі міліцыі на фэсце «Кліч Палесся».
Нагадаем, апазіцыянер быў збіты невядомымі 17 верасня на фэсце «Кліч Палесся» ў Петрыкаўскім раёне. Там жа ён быў затрыманы, абвінавачаны ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Пасля суд пакараў Жукоўскага за гэтыя правапарушэнні 10-сутачным арыштам.
Апазіцыянер напісаў скаргу ў пракуратуру, у якой паведаміў, што 17 верасня ў Ляскавічах яго збілі трое супрацоўнікаў міліцыі. Згодна з паказаннямі Жукоўскага, на яго напалі невядомыя, не назваліся, завялі ў фае гатэлю «Над Прыпяццю» і збілі. Затым на яго ж былі складзеныя пратаколы за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Заяўнік прасіў пракуратуру прыцягнуць вінаватых да адказнасці, нагадвае БелаПАН.
Пракуратура апытала супрацоўнікаў палка ППСМ УУС і прыйшла да высновы, што Жукоўскага ніхто не збіваў. Пасля праведзенай праверкі пракуратура прыйшла да высновы, што ў дзеяннях міліцыянтаў адсутнічаў склад злачынства, а пабоі Жукоўскі прычыніў сабе сам, калі падаў.