Арэнда офіса ў Менску каштуе больш, чым у Нью-Ёрку
- 29.10.2010, 11:32
Рэйтынг кошту офісаў па ўсім свеце штогод складае кансалтынгавая кампанія Colliers International.
Менск апынуўся на 41 месцы сярод 50 самых дарагіх гарадоў свету па кошце арэнды офісных памяшканняў, перадае «Радыё Свабода».
Паводле дадзеных кампаніі, максімальныя стаўкі арэнды менскіх офісаў улетку 2010 года дасягалі 42,2 даляра за квадратны метр у месяц. Колькі на рынку офісных памяшканняў, наколькі яны адпавядаюць міжнародным стандартам?
Арандаваць офіс у Менску даражэй, чым, напрыклад, у Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Мюнхене ці Дубаі. Намеснік дырэктара кампаніі «Твая сталіца кансалт» Юры Папоў прывёў такія лічбы:
«Дыяпазон ставак арэнднай платы на адміністрацыйныя памяшканні вагаецца ад 10 да 33 еўра за квадратны метр. Аб'екты класа «А», якія адпавядаюць міжнародным патрабаванням, можна па пальцах пералічыць, там стаўкі яшчэ вышэй. І сапраўды назіраецца дэфіцыт такіх офісаў», - падкрэсліў Юры Папоў.
Андрэй Алёшкін, дырэктар беларускага прадстаўніцтва амерыканскай кампаніі «Colliers International», якая складае рэйтынгі, кажа:
«Гэта праўда. На самой справе стаўкі арэнды менавіта такія з-за таго, што не хапае прафесійных офісных цэнтраў. Калі казаць пра міжнародныя кампаніі, буйныя, дык калі пачынаеш для іх штосьці шукаць, прапановаў знаходзіцца 2-3. І на гэтым сканчаецца ўвесь пошук».
Кіраўнік беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў згаджаецца, што кошты арэнды офісаў ў Менску завышаныя:
«Зняць офіс у Менску значна даражэй, чым у сталіцах суседняй Балтыі. Прычым, гэта тычыцца сітуацыі не толькі ў цяперашні крызісны час. Да крызісу суадносіны коштаў было такімі ж», - падкрэсліў Мікалай Трыфанаў.
Рынак офіснай плошчы сталіцы фарміруецца ўжо 15 гадоў. Калі да 2002 года ў гэтым сегменце былі толькі адміністрацыйныя будынкі яшчэ савецкага часу, перабудаваная памяшканнямі на першых паверхах жылых дамоў, дык са з'яўленнем першых бізнэс-цэнтраў, такіх, як «ХХI стагоддзе», карціна змянілася.
Прадстаўнікі беларускага бізнэсу сталі разумець, што офіс - гэта не проста дах над галавой. Удалае месца размяшчэння, метро, камунікацыі, транспартныя развязкі, паркоўкі, утульнасць, камфорт - асноўныя складнікі дзелавога поспеху. А ў салідных міжнародных кампаніях патрабаванні надзвычай высокія, кажа Юрый Папоў:
«Дапусцім, прыходзіць нейкая буйная міжнародная кампанія, якой трэба 1000-1500 квадратных метраў у бізнес-цэнтры класа «А». Згодна з карпаратыўнымі стандартамі, ім неабходна быць у класе «А», і яны гатовыя пераплачваць, каб знаходзіцца ў будынку такога ўзроўню. Таму што ў нас іх не хапае. Пакуль», - падкрэсліў эксперт.
Паводле дадзеных кампаніі «Твая сталіца кансалт», у Менску працуе 43 бізнэс-цэнтры. 22 з іх адносяцца да самага нізкага класу «С», 17 - да класу «В», 4 - да класу «А» («Няміга-Сіці», «Аляксандраў пасаж», «Silver Tower»).
Дырэктар беларускага прадстаўніцтва амерыканскай кампаніі Colliers International Андрэй Алёшкін лічыць, што і яны не адпавядаюць міжнародным стандартам:
«Офісаў класу «А» ў Беларусі няма. У нас няма кіраванай сістэмы, якая закрывае жалюзі аўтаматычна, пад уздзеяннем сонечнага святла - усё гэта трэба рабіць самастойна, рукамі. У нас няма высакахуткаснага інтэрнэту. Усе разам сведчыць пра тое, што ў Беларусі недаразвіты рынак офісаў», - падкрэсліў Алёшкін.
А вось сучасных бізнес-цэнтраў класу «В» ўжо дастаткова. Нядаўна ўвялі ў строй «Порт», «А-100», «Тэрмінал», «Сілуэт», «Coolman» каля Камароўкі. Яшчэ шмат будуецца.
Старшыня беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў робіць такую ацэнку:
«Цяпер офісных памяшканняў плошчай 150 квадратных метраў сярэдняй камфортнасці дастаткова. Але вялікія офісы высокага класу ці наадварот, маленькія аднапакаёвыя офісы для першаснага размяшчэння па-ранейшаму ў дэфіцыце», - упэўнены Трыфанаў.
Зараз у Менску можна назіраць парадаксальную карціну. Адны новыя бізнес-цэнтры імгненна засяляюцца (да прыкладу, «А100» на вуліцы Гінтаўта, 1 у Уручча-6 побач з кальцавой дарогай запоўнілі ў рэкордна кароткі тэрмін - за 3 месяцы. Другія, у цэнтры, такой жа камфортнасці - пустуюць. Ці гатовыя ўладальнік разумець арандатара і размаўляць з ім на адной мове? Андрэй Алёшкін перакананы:
«Можна трымаць кошт ў 40-50 еўра і стаяць пустым, а можна паразмаўляць з арандатарам і зразумець яго рэальныя магчымасці. І свой бізнэс-план акупальнасці скарэктаваць - не на 5 гадоў, а на 10. Зрабіць адэкватную стаўку, запоўніць цэнтр хутка, і потым ужо глядзець, што рабіць далей. Гэта значыць, трэба слухаць два бакі. І не завышаць кошты. Бо трэба знаходзіцца ў рынку», - падкрэсліў прадстаўнік кампаніі.
Што датычыць тэндэнцыяў павышэння арэнднай платы ці наадварот, зніжэння, намеснік дырэктара кампаніі «Твая сталіца консалт» Юры Папоў выказаў такі прагноз:
«Мы зараз знаходзімся на дне, і фактычна па ім паўзём. Тэндэнцыі да падвышэння ставак арэнднай платы мінімальныя. Гэта значыць, стаўкі могуць узрасці, але па розных сегментах па-рознаму. На аб'ектах класа «С» стаўкі наўрад ці будуць расці. На аб'ектах «В» - таксама. У бліжэйшай перспектыве я не бачу аб'ектаў класа «А» на рынку, таму гэтыя стаўкі падрастуць», - упэўнены Юры Папоў.
На думку спецыялістаў, крызіс закрануў рынак офіснай нерухомасці. Меркавалася, што да 2011-2012 года рынак у Менску насыціўся б аб'ектамі рознага класу камфортнасці. Але тэмпы будаўніцтва крыху знізіліся, некаторыя інвестары, якія планавалі будаваць офісы, аддаюць перавагу стандартнаму жылому дому, які прасцей прадаць. Таму да міжнародных стандартаў Менск можа наблізіцца не раней за 2015 год.