У «прыдворнага» беларускага бізнэсу скончыліся грошы
- 8.10.2010, 11:47
Да нядаўняга часу спонсарства гарантавала прыватнаму бізнэсу асаблівую ступень недатыкальнасці.
Беларускія чыноўнікі, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, ледзь ці не кожны дзень вылузваюцца са скуры, пераконваючы народ і даказваючы ўсяму свету, як добра ідуць справы ў эканоміцы краіны дзякуючы асаблівай адміністрацыйна-каманднай мадэлі кіравання, піша АФН.
Аднак пейзаж парушаюць не толькі асобныя дадзеныя статыстыкі, як, напрыклад, адмоўнае сальда знешняга гандлю, але і іншыя дэталі, рэальная сутнасць якіх не заўсёды зразумелая абывацелю.
Адной з такіх лакмусавай паперак стану беларускай эканомікі з'яўляецца фінансаванне спорту. Гэтая сфера - на асаблівым кантролі ў беларускіх уладаў. Спонсары беларускіх камандаў і спартоўцаў зацвярджаюцца ўказамі беларускага кіраўніка і іншымі заканадаўчымі актамі. Да нядаўняга часу такое спонсарства з'яўлялася не проста нейкім прывілеем, а гарантавала прыватнаму бізнэсу пэўную ступень недатыкальнасці і асаблівыя канкурэнтныя перавагі ў выглядзе допуску на высокапрыбытковыя сегменты рынку.
Лепшым адказам на пытанне «Прыдворны» бізнэс - гэта хто?» з'яўляецца падрабязнае вывучэнне дадаткаў да шматлікіх указаў аб спонсарскай падтрымцы тых ці іншых камандаў ці відаў спорту.
Але 5 кастрычніка 2010 года Саўмін РБ падпісаў пастанову № 1434, якой фактычна абавязаў Мінабароны краіны аказаць бязвыплатную дапамогу гандбольнаму клубу «СКА-Менск».
Выглядае, у «прыдворнага» бізнэсу зусім дрэнна з грашыма - крызіс, пераход на рынкавыя кошты на нафту і газ, і прэзідэнцкая кампанія зрабілі сваю справу.