Мінфін сабраўся размясціць дзяржаблігацыі у Ганконгу ці Сінгапуры
- 11.11.2010, 9:49
Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, першы намеснік кіраўніка Нацбанка Юры Алымаў камандзіраваныя ў азіяцкія фінансавыя цэнтры.
Як перадае «Інтэрфакс-Захад», старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч у ліпені заяўляў, што беларускія ўлады плануюць у пачатку наступнага года размясціць аблігацыі на азіяцкім фінансавым рынку. «У пачатку наступнага года мы асвоім азіяцкі рынак каштоўных папераў - ён з'яўляецца адным з найбольш эфектыўных па кошце і колькасці, ён вельмі ёмісты, яго трэба асвойваць», - сказаў кіраўнік НББ.
Як паведамлялася, у кастрычніку ўрад Беларусі даручыў міністэрству фінансаў ажыццявіць у чацвёртым квартале 2010 года - 2011 годзе выпуск дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацыяў на суму да $ 1 млрд з тэрмінам абарачэння не менш за 5 гадоў і размяшчэннем іх па-за межамі рэспублікі.
У Мінфіне напярэдадні пацвердзілі, што новы выпуск еўрабондаў будзе размешчаны да канца гэтага года.
Арганізатарамі выпуску прызначаныя Deutsche Bank, BNP Paribas, The Royal Bank of Scotland і Ашчадбанк РФ, якія ў ліпені-жніўні арганізавалі размяшчэнне дэбютнага выпуску суверэнных еўрабондаў Беларусі на $ 1 млрд.
У ліпені 2010 года Беларусь размясціла дэбютныя еўрабонды на $ 600 млн са стаўкай купона 8,75% гадавых і пагашэннем 3 жніўня 2015 года. У жніўні Мінфін даразмесціў еўрааблігацыі на $ 400 млн у дадатак да дэбютнага выпуску. Даходнасць да пагашэння даразмешчаных папераў склала 8,251%, што дазволіла знізіць сярэднеўзважаную даходнасць усяго выпуску на $ 1 млрд да 8,7%. Еўрааблігацыі прайшлі працэдуру лістынгу на люксембургскай фондавай біржы.
Як паведамлялася, Беларусь запланавала размяшчэнне на ФБ ММВБ 2-гадовых аблігацыяў аб'ёмам 7 млрд. рас. рублёў на 25 лістапада. У сераду адкрытая кніга заявак інвестараў на набыццё. Заяўкі будуць прымацца да 23 лістапада. Арыенцір стаўкі 1-га купона складае 8,5-9% гадавых.
Знешні дзярждоўг Беларусі на 1 кастрычніка складаў $ 9,559 млрд, павялічыўшыся за студзень-верасень на 21,1%.