Як мытня рыхтуецца да выбараў (Фота)
- 11.11.2010, 11:28
У адміністрацыйным будынку Берасцейскай мытні створаны «Куток выбаршчыка», дзе размешчаная афіцыйная інфармацыя і дакументы Цэнтрвыбаркама.
Тут жа ўсталяваная кампутарная тэхніка з доступам у Інтэрнэт, што, на думку кіраўніцтва мытні, дапаможа супрацоўнікам лепш арыентавацца ў перадвыбарчай сітуацыі, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Зрэшты, клопат пра тое, як правільна рэалізаваць сваё выбарчае права і адукоўваць мытнікаў у пытаннях, якія датычаць выбарчай тэматыкі, узялі на сябе прадстаўнікі першаснай арганізацыі БРСМ, якія не хаваюць сваіх сімпатыяў да Аляксандра Лукашэнкі. Як патлумачылі ў прэс-службе Берасцейскай мытні, чальцы гэтай грамадскай арганізацыі «тлумачаць моладзі значэнне ўдзелу ў выбарчай кампаніі, у грамадска-палітычным жыцці краіны, заклікаюць выказаць асабістую пазіцыю і адчуць, наколькі важная роля маладога пакалення ў сучасным грамадстве».
Ці будзе ў «Кутку выбаршчыка» прысутнічаць у свабодным доступе агітацыйная літаратура ўсіх без выключэння зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты, у прэс-службе адказаць не здолелі.