BE RU EN

«Палатка» ратыфікавала дамову аб прымежным супрацоўніцтве з Польшчай

  • 11.11.2010, 12:38

11 лістапада дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» зацвердзілі пагадненне з Польшчай аб правілах прымежнага руху.

Як паведаміў намеснік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі, дакумент быў падпісаны ў Варшаве 12 лютага 2010 года для стварэння прававой асновы рэгулявання пытанняў, звязаных са спрашчэннем парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамі прымежных тэрыторыяў Беларусі і Польшчы, паведамляе БелаПАН.

У адпаведнасці з дамовай прымежнай лічыцца тэрыторыя, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі якой знаходзяцца ў 30-кіламетровай зоне ад мяжы.

Спрошчаны парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы будзе ажыццяўляцца жыхарамі прымежных тэрыторыяў, якія маюць дакументальнае пацвярджэнне пастаяннага пражывання на прымежнай тэрыторыі не менш за тры гады незалежна ад грамадзянскай прыналежнасці.

Дазвол на спрошчанае перасячэнне мяжы дае права знаходзіцца на прымежнай тэрыторыі дзяржавы другога боку не больш за 30 дзён кожны раз з дня перасячэння мяжы, але агулам не больш чым 90 дзён на працягу кожных шасці месяцаў.

Дамовай устаноўлена, што памер збору за прыняцце і разгляд заявы аб выдачы дазволу складае 20 еўра.

Апошнія навіны