ЦВК ухваліла таямнічасць працэсу праверкі подпісаў
- 11.11.2010, 15:30
Скарга назіральніка ад БХК на дзеянні Салігорскага выбаркама падчас праверкі подпісаў не была задаволеная Цэнтральнай выбарчай камісіяй.
Напярэдадні этапу па праверцы подпісаў праваабаронца Леанід Мархотка, акрэдытаваны ў якасці назіральніка пры Салігорскай раённай камісіі па выбарах, звярнуўся з просьбай прысутнічаць менавіта падчас працы камісіі:
- Як сведчыць практыка, звычайна назіральнікаў запрашаюць толькі на канчатковае пасяджэнне, дзе агучваюць выніковыя лічбы. Пракантраляваць жа сам працэс праверкі немагчыма. Таму ў звароце да Выбаркаму быў асабліва падкрэслены гэты момант. Выбарчы кодэкс ніяк не забараняе камісіі дапусціць назіральнікаў непасрэдна да працэсу праверкі сапраўднасці подпісаў. Нават больш, заканадаўства гарантуе правядзенне выбараў у адкрытых і галосных умовах, - кажа Мархотка.
Але раённая камісія, верагодна, так не лічыць і да праверкі подпісаў Леаніда Мархотку не дапусцілі, што і было абскарджана ў ЦВК. Цэнтральная камісія скаргу не задаволіла і ў сваім адказе заявіла, што «праверка подпісаў выбарнікаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі, ажыццяўляецца па-за пасяджэннямі камісіі і, такім чынам, права прысутнічаць на іх назіральнікі не маюць», паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».