Сюжэт пра выбары на тэлеканале «Россия» выразаны беларускай цэнзурай (Відэа)
- 15.11.2010, 8:58
У праграме «Вести недели» раскрытыкавалі недэмакратычнасць выбараў у Беларусі.
Як перадаў тэлеканал «Вести», 13 лістапада беларускі Цэнтравыбаркам завяршыў прыём дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты краіны. Апроч Аляксандра Лукашэнкі будзе яшчэ дзевяць кандыдатаў. Самі выбары прызначаныя на 19 снежня. Тым часам, у Менску сталі вядомыя вынікі даследавання грамадскіх настрояў. Паводле дадзеных цэнтра «Соцыум», за Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 31,4 адсотка апытаных, а за калектыўнага кандыдата ад апазіцыі - 38,9. Сюжэт з Беларусі (ВІДЭА).
Яны засталіся толькі тут - у запаведных беларускіх лясах. Еўрапейскі бізон ці зубр - адна з славутасцяў і знак краіны. Вывучаць які выміраючы від у Белавежскую пушчу з усяго свету прыязджаюць эколагі і заолагі. Замежныя назіральнікі і журналісты ў гэтыя дні прыязджаюць у Беларусь, каб убачыць, як Лукашэнка застанецца прэзідэнтам ужо ў чацвёрты раз.
З афіцыйных крыніцаў (тэлебачання, радыё і газетаў) жыхары краіны з цяжкасцю могуць зразумець, што на пасаду кіраўніка Беларусі акрамя Бацькі прэтэндуюць яшчэ дзевяць кандыдатаў. Пра іх у інфармацыйных выпусках ні словы. На экранах Аляксандр Лукашэнка ладзіць паказальныя разносы чыноўнікам.
«Калі гэта так, усіх зняць з працы. Тэрмін - тыдзень», - патрабуе Лукашэнка.
Перад гэтымі выбарамі Лукашэнка, які 16 гадоў выконваў ролю бацькі нацыі, не стаў саджаць апазіцыянераў у турму. Ім усім далі сабраць подпісы і ўсіх зарэгістравалі ў выбаркаме. Колькасць кандыдатаў для сучаснай Беларусі атрымалася беспрэцэндэнтная. Але калі ў папярэднія разы перадвыбарчая рыторыка самога Аляксандра Рыгоравіча будавалася на сяброўстве і саюзніцкіх стасунках з Расеяй, сёння вобраз ворага - галоўны козыр і яго палітыкі і адначасова выбарчай кампаніі.
«Галоўнае, павінен быў бы прайсці рэферэндум гады тры таму ці больш, але Расея не захацела пайсці на рэферэндум. Яна, прабачце, «пахерыла» гэтую дамову саюзную. Спрабуюць нахіліць. Больш згаворлівым, падатлівым тут павінен быць прэзідэнт не такі, як Лукашэнка. Апазіцыянеры, якія кажуць «аддамо заводы, трубы Расеі, таму, што ў іх ёсць нафта». Гэта крыж на іх. І я пачынаю думаць, ці яны па п'янцы гэта сказалі, а калі не – значыць, проста не хочуць быць прэзідэнтам», - тлумачыць Лукашэнка.
Гэтыя выказванні - частка інтэрв'ю, якое прэзідэнт даў польскім журналістам. Лексіка на мяжы - новы стыль у стасунках з Масквой, галоўным эканамічным і да нядаўняга часу палітычным партнёрам Лукашэнкі.
Пасажыры шматлікіх цягнікоў, якія штодня курсіруюць паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, мяжы не заўважаюць. Ні памежнікаў, ні мытнікаў. Цягнік нават не робіць прыпынку, і зразумець, дзе сканчаецца адна дзяржава, і пачынаецца іншая, немагчыма зусім. Наколькі блізкія адна адной дзве краіны, прычым не толькі геаграфічна, разумеюць. Так чаму зноў і зноў з Менска гучаць выказванні, і каму яны насамрэч адрасаваныя?
Дакладны адказ на гэтыя пытанні ёсць у беларускай апазіцыі. У гаворках Лукашэнкі яны бачаць жаданне абмяняць партнёрскія стасункі з Расеяй на падтрымку свайго чарговага прэзідэнцтва.
«Спроба працягваецца прадаць русафобію на Захад. Няма чаго тут больш прадаваць - няма тут дэмакратыі і ніколі не будзе пры Лукашэнку. А грошы патрэбныя, крызіс. Тыя гады, якія былі змарнаваныя на Лукашэнку, былі змарнаваныя дарэмна», - канстатуе Андрэй Саннікаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Адзін з супернікаў Лукашэнкі на выбарах Андрэй Саннікаў стаяў ля вытокаў стварэння апазіцыйнага інтэрнэт-партала «Хартыя'97». Галоўны рэдактар і сябар Саннікава Алег Бябенін загінуў у сябе на лецішчы ў верасні гэтага года. Адна са шматлікіх загадкавых смерцяў сярод апанентаў Лукашэнкі. Фактычна Інтэрнэт, адзіная крыніца свабоднай інфармацыі, за паўгады да выбараў была ўзятая пад кантроль. Адміністрацыі інтэрнэт-кавярняў абавязалі перапісваць пашпартныя дадзеныя ўсіх наведвальнікаў, каб потым можна было вылічыць, хто што чытаў ці пісаў. У інтэрв'ю польскім і нямецкім журналістам беларускі лідэр выхваляецца рэйтынгам амаль у 70 адсоткаў. Як паказалі апошнія апытанні, народную любоў Лукашэнка перабольшвае прынамсі ўдвая. Уладзімір Някляеў на пасаду прэзідэнта прэтэндуе, але ў сваю перамогу і сам не верыць. Рэальныя настроі ў беларускім грамадстве на вынікі выбараў, на яго думку, не ўплываюць ніяк.
«У апазіцыі на сённяшні дзень агульны рэйтынг нават вышэй, гэта значыць ён не выйграе пры сумленных выбарах. Можна колькі заўгодна глядзець на Захад, як ён хораша ўладкаваны і з жахам, як у нас некаторыя сталі рабіць глядзець, аглядацца на Расею. Божа мой, якая дзікасць там ад Волгі да Урала, але менавіта адтуль, яшчэ раз паўтараю, з Расеі мы маем магчымасць зарабіць сабе на хлеб», - перакананы Уладзімір Някляеў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лідэр грамадскай кампаніі «Гавары Праўду».
Жыхары прымежных раёнаў ездзяць у Расею на заробкі, а гэтыя фуры, якія ідуць плынню з Беларусі ў Расею, вязуць з краіны амаль траціну ўсяго тавара, які вырабляецца тут.
Сыравараны камбінат побач з горадам Орша корміць сырам гатунку «Расейскі» і Маскву, і Санкт-Пецярбург. За выдатную якасць у Расеі завод узнагародзілі залатым медалём. Малако адсюль возяць у Смаленск. Каб задаволіць расейскі попыт на журавіны, беларусы збудавалі спецыяльныя камбайны. І гэта ўсё, не лічачы галоўнага беларускага экспарту - угнаенняў, трактароў і нават цягачоў для расейскіх ракетных комплексаў. Антырасейскія настроі прэзідэнта напярэдадні выбараў ужо ўдарылі па эканоміцы наогул і па беларускіх вытворцах у прыватнасці. Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук распрацаваў спецыяльную формулу беларускага шчасця. Ключавы паказчык у ёй - каўбаса. Індэкс каўбасы за апошнія некалькі гадоў сур'ёзнага росту не дэманструе.
«У нас назіраецца чысты адток замежных інвестыцыяў, а гэта значыць, што краіна не з'яўляецца Мекай для інвестараў, тут няма правоў уласнасці, прыватызацыя не ідзе. Ідзе такі дробны наменклатурны «дэрбан» актываў, які не можа не паўплываць на ўстойлівасць ні фінансаў, ні бюджэту, ні сацыяльнай сферы», - кажа Яраслаў Раманчук, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі.