BE RU EN

Багданкевіч: Дэвальвацыя ў краіне ўжо пачалася

  • 16.11.2010, 9:15

Сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі нагадвае тую, што склалася напярэдадні 2 студзеня 2009 года.

Тады беларускі рубель у адзін дзень страціў адразу 20% свайго кошту, а менш чым за месяц стаў танней на траціну.

«Ніякай дэвальвацыі мы не плануем. Хто ўзняў гэтае пытанне? Яго ўзнялі шарлатаны, для якіх чым горш краіне, тым лепш для іх», - заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас стасункаў з жыхарамі Барысава 12 лістапада.

Аднак былы кіраўнік Нацбанка Беларусі, доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч у інтэрв'ю газеце «Народная воля» заявіў:

«Дэвальвацыя, безумоўна, чаканая, у краіне і зараз ідзе павольная дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

Пра дрэннае становішча ў эканоміцы кажа рост знешнегандлёвага дэфіцыту. За 9 месяцаў гэтага года ён вырас на мільярд даляраў і дасягнуў 6 мільярдаў, што, безумоўна, павінна прывесці да дэвальвацыі. Адзінае, што ва ўлады з дапамогай дадатковых знешніх пазыкаў, з дапамогай продажу дзяржпрадпрыемстваў замежным інвестарам ёсць магчымасць адсунуць тэрмін падзення рубля.

Другі фактар, які ўплывае на дэвальвацыйныя працэсы, - гэта рост грашовай масы. А ў Беларусі аб'ёмы грашовай масы растуць хутчэй, чым растуць аб'ёмы вытворчасці».

«На мой погляд, так, як была праведзеная дэвальвацыя ў студзені 2009 года, зараз яе праводзіць нашмат складаней. У насельніцтва ўжо назіраюцца дэвальвацыйнныя настроі, беларусы спрабуюць абараніцца ад дэвальвацыйных рызыкаў: кампаніі набіраюць рублёвыя пазыкі, насельніцтва скупляе валюту.

Але чым далей мы будзем адкладаць правядзенне дэвальвацыі, тым будзе складаней. Па сутнасці, сёння мы вярнуліся да той сітуацыі, якая выклікала дэвальвацыю 2 студзеня 2009 года. Для ўсіх відавочна, што курс рубля ў адносінах да замежнай валюты завышаны, яго трэба змяншаць», - упэўнены эканаміст Сяргей Чалы.

Апошнія навіны