Герт Арэнс: «Выбары – гэта працэс не аднаго дня»
- 16.11.2010, 10:56
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ адкрыла місію для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
З гэтай нагоды кіраўнік місіі, нямецкі дыпламат Герт Арэнс правёў прэс-канферэнцыю, перадае «Радыё Свабода».
Амбасадар Герт Арэнс ужо трэці раз узначаліў місію назіральнікаў АБСЕ на беларускіх выбарах. Раней ён працаваў на выбарах прэзідэнта 2006 года і на выбарах у «палату прадстаўнікоў» 2008 года. Ні тую, ні другую кампанію АБСЕ не прызнала ані свабоднай, ані справядлівай.
Сваю першую сустрэчу ў межах новай місіі ў Беларусі амбасадар Арэнс правёў з кіраўнічкай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. У прыватнасці на гэтай сустрэчы дамовіліся пра штотыднёвыя сустрэчы прадстаўнікоў місіі АБСЕ і ЦВК, сказаў Герт Арэнс.
«На гэтай сустрэчы я адзначыў, што мы будзем надаваць асаблівую ўвагу таму, як будуць на практыцы рэалізоўвацца змены ў беларускім выбарчым заканадаўстве. У мінулым было два асноўныя моманты, дзе мы бачылі праблемы. Адзін з іх – непасрэдная магчымасць назірання за падлікам галасоў, другі – працэдура датэрміновага галасавання. Я выказаў спадзеў, што ў двух пытаннях будзе прагрэс», - заявіў кіраўнік місіі.
Асабістых адзнак зменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі Арэнс не рабіў, а спасылаўся на агульную ацэнку з боку БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы. Ацэнка была апублікаваная ў чэрвені. На думку экспертаў гэтых структураў, нават пасля змены Выбарчага кодэкса структура беларускай выбарчай базы ў гэтай галіне не можа стаць асновай для правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.
Паводле Арэнса, у яго бліжэйшых планах – сустрэчы з кандыдатамі, прадстаўнікамі ўладаў, СМІ і недзяржаўных арганізацыяў.
Герт Арэнс пакуль устрымаўся ад ацэнак таго, як у Беларусі былі сфармаваныя выбарчыя камісіі і як прайшоў ранейшы перыяд кампаніі – да яго прыезду ў Менск.
«Вядома, мы ведаем, што выбары – гэта працэс не аднаго дня. Усе атрымлівалі інфармацыю з Беларусі пра хаду падрыхтоўкі да выбараў. Але мы звычайна абапіраемся на ўласныя назіранні. Таму мы яшчэ сфармуем свае назіранні на гэты конт. Хутчэй за ўсё, мы апублікуем дзве прамежкавыя справаздачы. Мяркую, што першая з іх будзе датычыць фармавання выбарчых камісіяў», - падкрэсліў Арэнс.
У Менску ўжо працуюць 14 экспертаў місіі АБСЕ, у сераду прыбудуць яшчэ 40 доўгатэрміновых назіральнікаў. Яны будуць прадстаўляць 18 краінаў-чальцоў АБСЕ. Пераважная частка доўгатэрміновых назіральнікаў валодаюць расейскай мовай. Яны раз'едуцца па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Яшчэ каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў місіі АБСЕ прыедуць напярэдадні галасавання.
Папярэдняя справаздача місіі аб адпаведнасці беларускіх выбараў міжнародным стандартам і абавязальніцтвам Беларусі ў межах АБСЕ будзе апублікаваная адразу пасля дня галасавання, 20 снежня, поўная - праз восем тыдняў. Арэнс паведаміў таксама, што касцяк місіі назіральнікаў АБСЕ будзе знаходзіцца ў Беларусі яшчэ каля тыдня пасля дня галасавання.