BE RU EN

Кардоны ў цывільным супраць удзельнікаў акцыі салідарнасці (Фота)

  • 17.11.2010, 9:18

16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці.

У 18 гадзінаў каля 30 чалавек выстраіліся на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі выкрадзеных у Беларусі апазіцыянераў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, палітвязня Мікалая Аўтуховіча і транспарантам «Свабоду Аўтуховічу!». Сярод тых, хто сабраўся, былі палітыкі Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч і Анатоль Лябедзька.

Прастаяўшы 20 хвілінаў, удзельнікі акцыі праз падземны пераход выйшлі на вуліцу Энгельса і рушылі да адміністрацыі Лукашэнкі. Каля тэатра Янкі Купалы дарогу ім перагарадзіў кардон міліцыі ў цывільным. Яны не прапусцілі ўдзельнікаў акцыі да адміністрацыі. Малойчыкі ў цывільным вырывалі з рук дэманстрантаў партрэты зніклых палітыкаў. Пры гэтым яны не паказвалі ніякіх знакаў адрознення ці пасведчанняў.

Дэманстранты выстраіліся на вуліцы Энгельса, некалькі разоў пракрычалі лозунгі «Свабоду Аўтуховічу!» і «Жыве Беларусь!», пасля чаго разышліся. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто затрыманы не быў.

Апошнія навіны