BE RU EN

Праваабаронцаў сталі выклікаць у падатковыя інспекцыі

  • 17.11.2010, 14:58

Падчас выбарчых кампаній увага да праваабаронцаў з боку падатковых органаў увесь час павялічваецца.

Сёння, 17 лістапада, прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч па пошце атрымаў патрабаванне пра падаванне дэкларацыі пра прыбыткі і маёмасць за 2009 год у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Партызанскім раёне г. Менска.

Праваабаронцу просяць прадставіць такую дэкларацыю не пазней за 30 лістапада гэтага года.

В. Стэфановіч зарэгістраваны як падаткаплатнік у падатковай інспекцыі Партызанскага раёна. Ён адзначае, што ў сакавіку гэтага года прадставіў дэкларацыю за 2009 год з указаннем усяго прыбытку, які атрымаў, працуючы па грамадска-прававых дамовах, і выплаціў налічаны з прыбытку падатак. Таму праваабаронца выказвае здзіўленне з прычыны атрыманага патрабавання.

- Падчас парламенцкіх выбараў у 2008 годзе - пасля прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку назірання ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» - такія патрабаванні ад падатковых органаў атрымалі прадстаўнікі кампаніі Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, у тым ліку і я. У мяне была праверка падатковай інспекцыі па Партызанскім раёне за 10 гадоў - з 1998 па 2008. Прычым правяралі не толькі мяне, але і чальцоў маёй сям'і - бацьку, жонку. Ніякіх утоеных прыбыткаў ці няўлічанай маёмасці падчас праверкі ў мяне знойдзена не было. І вось цяпер ад мяне зноў патрабуюць прадставіць дэкларацыю. Дзівіць, што ад мяне жадаюць пачуць яшчэ нейкую дадатковую інфармацыю за 2009 год. Прычым ніякіх зменаў з 2008 года не адбылося - у мяне не з'явілася ніякіх новых кватэр, машын, зямельных участкаў ці яшчэ чагосьці, - кажа В. Стэфановіч.

І тут праваабаронца заўважае пэўную тэндэнцыю:

- Праверкі супадаюць з выбарчымі кампаніямі ў краіне - у 2008 годзе праходзілі парламенцкія выбары, цяпер ідзе прэзідэнцкая кампанія. Я як прадстаўнік ПЦ «Вясна» прымаю актыўны ўдзел у кампаніі па назіранні за выбарамі. Безумоўна, я звязваю ўсё гэта выключна са сваёй дзейнасцю і расцэньваю як факт ціску на мяне.

Апошнія навіны