Івонка Сурвіла - Далі Грыбаўскайтэ: «Менавіта Лукашэнка – галоўная пагроза для суверэнітэту»
- 19.11.2010, 13:35
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ з нагоды яе заявы пра прыярытэты Еўразвяза на выбарах у Беларусі.
Як вядома, днямі Reuters распаўсюдзіла інфармацыю пра сустрэчу прэзідэнта Літвы з заходнімі дыпляматамі, акрэдытаванымі ў гэтай краіне. Паводле агенцтва, Даля Грыбаўскайтэ заявіла, штоАляксандр Лукашэнка з’яўляецца гарантам палітычнай і эканамічнай стабільнасці ў Беларусі, а таксама яе незалежнасці. Таму, на думку літоўскага прэзідэнта, перамога цяперашняга кіраўніка Беларусі на выбарах, што маюць адбыцца 19 снежня, была б найлепшым варыянтам для Еўразвяза.
З гэтай нагоды Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася з адкрытым лістом да Далі Грыбаўскайтэ.
«Беларускае грамадства з трывогай успрыняла Вашую безумоўную падтрымку Аляксандра Лукашэнкі як кандыдата ў прэзідэнты, які, нягледзячы на добрую волю Еўразвяза, не толькі не выконвае ўмовы Еўропы адносна палітычнага ладу і правоў чалавека ў Беларусі, але і ўпарта працягвае нішчыць нацыянальныя вартасці беларускага народу.
Сваю пазіцыю Вы, спадарыня прэзідэнт, аргументуеце жаданнем стабільнасці. Дазволю сабе нагадаць эпізоды з нядаўняй гісторыі, якія сведчаць, што салідарнасць прыхільнікаў дэмакратыі можа мець куды больш пазітыўны вынік, чым жаданне захаваць стабільнасць. У 1989 годзе менавіта ў Вільні на запрашэнне тагачаснага кіраўніцтва Літвы быў праведзены першы з’езд Беларускага Народнага Фронту, які вылучыў ідэю аднаўлення беларускай Незалежнасці. У студзені 1991 года, калі Гарбачоў вырашыў увесці ў Літве «надзвычайнае становішча», каб знішчыць незалежнасць Літвы, маскоўскія войскі атакавалі тэлецэнтр у Вільні, загінулі мірныя людзі. Гэтыя дзеянні Крэмль тлумачыў у тым ліку і неабходнасцю «захаваць стабільнасць» ў савецкай імперыі. У тыя дні Вільню наведала група дэпутатаў беларускага парламента, і дэпутат фракцыі Народнага Фронту Сяргей Навумчык выступіў ў літоўскім парламенце са словамі салідарнасці і з заклікам да чальцоў замежных парламенцкіх дэлегацыяў не пакідаць будынак, пакуль існуе пагроза яго штурму. У тыя дні беларускія нацыянальныя сілы тады падтрымалі Літву ў крытычны для яе час, насуперак жаданню Крамля. Нагадаю таксама, што ў той час шмат хто на Захадзе быў схільны апраўдаць дзеянні Гарбачова, які, як ім здавалася, быў гарантам стабільнасіці.
Гісторыя, аднак, распарадзілася па-іншаму – менавіта салідарнасць нацыянальных рухаў паспрыяла распаду савецкай імперыі.
Прэзідэнт Лукашэнка зняважыў нацыянальныя сімвалы, у Беларусі вынішчаецца нацыянальная культура, зачыняюцца беларускія школы, праводзіцца татальная русіфікацыя – гэта дае падставы меркаваць, што ў сваім стаўленні да беларускай Незалежнасці Лукашэнка не змяніўся. І менавіта Лукашэнка быў і застаецца галоўнай пагрозай для беларускага суверэнітэту», - заявіла Івонка Сурвіла.