Стыхійны мітынг у грамадскай прыёмнай дыктатара
- 19.11.2010, 15:42
Людзі патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам і збіраюцца заставацца ў прыёмнай да яе закрыцця.
У грамадскай прыёмнай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, якая сёння адкрылася ў Менску, у былым Доме літаратара (Фрунзэ, 5) праходзіць стыхійны мітынг. З самай раніцы туды прыйшло каля 50 чалавек са скаргамі на несправядлівыя рашэнні судоў, самакіраванне службоўцаў і іншымі праблемамі, піша «Наша Ніва».
Людзі прыйшлі з транспарантамі. «Спадар прэзідэнт, калі будзе затрымана карэліцкая банда, якая забіла маю няпоўнагадовую дачку!» - такі плакат трымае адзін з удзельнікаў акцыі.
Яны патрабуюць сустрэчы з «кандыдатам» Лукашэнкам.
«Нас аб'яднала бяда», - кажа Лідзія Уварава з Гомелю, якая дамагаецца перагляду справы свайго сына.
Паводле словаў жанчыны, усе гэтыя людзі пазнаёміліся ў чэргах у дзяржустановы, дзе спрабавалі дамагчыся праўды: падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі складаць скаргі.
Да мітынгоўцаў выйшаў чалец ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Васіль Казак і паведаміў, што асабістага прыёму не будзе. Людзі склалі заяву, патрабуючы тлумачэнняў, з якой нагоды ў асабістым прыёме ім адмоўлена, і збіраюцца сёння заставацца ў прыёмнай да яе закрыцця.