BE RU EN

Беларускія ўлады хочуць падвысіць тарыфы на прапампоўку расейскага газу

  • 2.11.2010, 13:06

Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

«У гэтым годзе тарыф на транзіт газу ў нас $1,88, у наступным годзе ўжо ёсць $2 паводле дамовы, а гэта плюс 6%, а далей будзем спрачацца», - сказаў першы віцэ-прэм'ер. Пры гэтым ён адзначыў, што Украіна за транзіт газу бярэ $2,5. На яго думку, гэтую лічбу неабходна ўлічыць і беларускім экспертам, перадае БелТА.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што ў бліжэйшыя гады аб'ём транзіту прыроднага газу праз Беларусь захаваецца на ўзроўні прыкладна 44 млрд. куб. м. «Павелічэння фізічнага аб'ёму не будзе, але тарыфы будуць расці», - сказаў ён.

Першы віцэ-прэм'ер таксама дадаў, што ў бліжэйшы час у Беларусі, хутчэй за ўсё, знізяцца аб'ёмы транзіту расейскай нафты. «З 1 студзеня будзе запушчаны нафтаправод БТС-2, упадзе транзіт нафты, затым ён стабілізуецца», - адзначыў ён.

У той жа час Уладзімір Сямашка адзначыў, што галоўная праблема для Беларусі сёння - адмоўнае сальда, для краіны важная кожная сотня мільёнаў даляраў.

Ён нагадаў, што ў студзені гэтага года Беларусь падпісала дакументы па пастаўках расейскай нафты, транзіце. «Аднак тарыфы пераглядаюцца ў прывязцы да курсу даляра, наш тарыф сёння ў расейскіх рублях, але ён патаннеў і далей будзе таннець», - праінфармаваў ён.

Звяртаючыся да чальцоў Прэзідыума, першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ўсе гэтыя факты не былі ўлічаны распрацоўнікамі праекта дзяржпраграмы развіцця транзітнага патэнцыялу на 2011-2015 гады, які сёння разглядаецца на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна. На думку Уладзіміра Сямашкі, у такім выглядзе дакумент не можа быць прыняты, патрабуецца яго дапрацоўка.

Апошнія навіны