У Менску прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя асвячэння Чырвонага касцёла
- 22.11.2010, 9:32
Чырвоны касцёл стаў месцам адраджэння і евангелізацыі культуры.
Пра гэта заявіў 21 лістапада мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім выступе на ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю асвячэння касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).
Па словах мітрапаліта, дзякуючы намаганням вернікаў 20 гадоў назад «перліна архітэктуры Менска зноў стала месцам сустрэчы чалавека з Богам і касцёлам, у які прыходзіць усё больш людзей». Як адзначыў Кандрусевіч, у святыні праходзяць імшы рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў на беларускай і польскай мовах, праводзяцца курсы катэхізатараў, канферэнцыі і сімпозіумы, культурныя мерапрыемствы, арганізаваная выдавецкая дзейнасць.
Ён выказаў вялікую падзяку ксяндзу-пробашчу касцёла Уладзіславу Завальнюку, вернікам і ўладам за высілкі па вяртанні храма каталіцкай супольнасці.
Па словах Кандрусевіча, нягледзячы на свабоду веравызнання, многія сёння жывуць так, быццам Бога няма. «Гэтыя людзі зыходзяць з таго, што з цягам часу змяняюцца традыцыі і маральныя нормы, якія нібыта абмяжоўваюць свабоду чалавека. Але яны глыбока памыляюцца, таму што трапляюць у пастку антыкаштоўнасцяў», - падкрэсліў арцыбіскуп.
Ён адзначыў, што Бог і рыма-каталіцкая царква патрабуюць ад вернікаў евангельскага радыкалізму. «Каб быць сапраўдным хрысціянінам, трэба жыць хрысціянствам і яго праўдай, жыць і дзейнічаць паводле свайго сумлення», - дадаў мітрапаліт.
Менавіта дзякуючы касцёлу чалавек становіцца духоўна моцным дзеля таго, каб супрацьстаяць антыкаштоўнасцям, агрэсіўным і небяспечным выклікам сучаснасці, сказаў Кандрусевіч.
Ён выказаў надзею, што больш ніколі нічыя рука не паквапіцца на святыні, што ўсе месцы культу, у тым ліку і менскі кляштар бернардынцаў з касцёлам Святога Язэпа, перададуць вернікам і будуць вырашаныя ўсе пытанні, якія перашкаджаюць сустрэчы чалавека з Богам.
Урачыстую літургію, якая прайшла на беларускай і польскай мовах, узначаліў апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Марцін Відавіч.