«Гомсельмаш» зрабіў камбайн-танк (Фота)
- 22.11.2010, 10:24
«Гомсельмаш» паставіў у Амурскую вобласць Расеі збожжаўборачны камбайн «ПАЛЕССЕ GS812С» на гусенічным ходзе.
Машына распрацаваная па запыце Міністэрства сельскай гаспадаркі Амурскай вобласці з улікам прыродных асаблівасцяў гэтага рэгіёну - для працы на палях падвышанай вільготнасці, паведамляе БелаПАН.
Камбайн прызначаны для прамой і раздзельнай уборкі збожжавых каласавых культураў, але з прымяненнем спецыяльных прыстасаванняў яго таксама можна выкарыстоўваць для ўборкі соі, збожжавай часткі кукурузы, сланечніка, зернебабовых, крупяных культураў, насеннікаў траваў і рапсу.
Першы машынакамплект камбайна на гусенічным ходзе быў адгружаны ў кастрычніку на ЗАТ «Шыманоўскі машынабудаўнічы завод «Кранспецбурмаш» - сумесную беларуска-расейскую вытворчасць, дзе была праведзеная дазборка.