BE RU EN

У кватэру Галіны Сямдзянавай уначы ламіліся міліцыянты

  • 23.11.2010, 15:27

Старшыня рэвізійнай камісіі партыі БНФ лічыць, што інцыдэнт адбыўся з-за яе ўдзелу ў гарадской выбарчай камісіі.

Галіна Сямдзянава падала скаргу на імя кіраўніка Менскай гарадской міліцыі, перадае «Радыё Свабода».

Яна паведаміла, што каля дзвюх гадзінаў ночы невядомыя пачалі званіць і стукаць у дзверы, патрабуючы, каб яна ўпусціла іх у кватэру. Яны казалі, што з'яўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, і пагражалі ўзламаць дзверы. Чаму ім спатрэбілася менавіта ўначы наведаць гаспадыню кватэры, яны не адказалі.

Галіна Сямдзянава – чалец Менскай гарадской выбарчай камісіі і старшыня рэвізійнай камісіі партыі БНФ. Яна лічыць, што інцыдэнт адбыўся менавіта з-за яе ўдзелу ў выбарчай камісіі. Сямдзянава таксама паведаміла, што і раней, калі яна ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях, таксама па начах невядомыя званілі і стукалі ў дзверы, пагражаючы ўварвацца ў кватэру.

Галіна Сямдзянава праінфармавала пра здарэнне старшыню выбарчай камісіі Ігара Карпенку.

Апошнія навіны