BE RU EN

Незалежную газету не ўключылі ў падпісны каталог

  • 23.11.2010, 15:54

Баранавіцкая незалежная газета «Intex-press» зноў атрымала адмову на ўключэнне выдання ў падпісны каталог «Белпошты».

У кастрычніку ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» у чарговы раз звярнуўся ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» з просьбай пра ўключэнне газеты «Intex-press» у падпісны каталог на першае паўгоддзе 2011 года, паведамляе прэс-служба БАЖ.

І ў чарговы раз была атрыманая стандартная адмова са спасылкай на свабоду ў заключэнні дамовы. РУП «Белпошта» лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог газеты «Intex-press» з укладаннямі (рэкламны дадатак і тэледадатак «Інтэкс-прэс плюс»)», - сказана ў адказе ад 16 лістапада за подпісам намесніка генеральнага дырэктара па эксплуатацыі І. І. Саксонавай.

Газета «Intex-press» нароўні з іншымі незалежнымі выданнямі была выключаная з каталогаў «Белпошты» і сістэмы распаўсюду «Саюздрука» напярэдадні 2006 года. У адрозненне ад многіх газетаў, якія з часам вярнуліся ў дзяржаўныя сістэмы, ніякіх паслабленняў у дачыненні да «Intex-press» дагэтуль няма.

Газета заснаваная ў 1994 годзе. Сёння яе тыраж складае 20 тысяч асобнікаў.

Апошнія навіны