З вайсковай часткі ў Барысаве збеглі салдаты?
- 23.11.2010, 16:09
22 лістапада з'явілася інфармацыя пра тое, што ў ваенным гарадку Лядзішча (Барысаў) з вайсковай часткі збеглі трое салдатаў.
Міністэрства абароны і Беларуская ваенная пракуратура аспрэчваюць здарэнне, паведамляе БелаПАН.
У прэс-службе Мінабароны гэтае паведамленне назвалі «не адпаведным рэчаіснасці». У Беларускай ваеннай пракуратуры заявілі, што здарэнняў такога роду не было, трое салдатаў з аўтаматамі з часткі не сыходзілі, уся зброя знаходзіцца ў зброевых пакоях.
Аднак сайту «Барысаў Электронны» атрымалася знайсці сведкаў уцёкаў — прадаўцоў у мікрараёне Лядзішча, якія бачылі не толькі патрулі, але і саміх уцекачоў.
«Ведаеце, калі б майго сына давялі да такога стану, я б парвала камандзіра на шматкі. Яны сядзелі ў мяне тут пад прылаўкам, пакуль патрулі (не меней дзясятка чалавек) гойсалі па рынку. Я ім дала цыгарэтаў, паесці дала… Дзеці былі вельмі напалоханыя. Твары чырвоныя, вочы заплаканыя… У мяне пляменнік калісьці вось так бег з маскоўскай часткі… Не буду казаць, што гэтых дзяцей білі… Не, сінякоў у іх відаць не было… Але яны нават сказаць не маглі, што з імі здарылася. Настолькі былі напалоханыя. Са зброі пры іх былі толькі штык-нажы. Не, аўтаматаў не было… Чаму я іх хавала? Шкада, мальцы ж зусім!», - распавяла адна з прадаўцоў.