Адмены пошлін на расейскую нафту з 1 студзеня 2011 года не будзе
- 25.11.2010, 13:01
Беларускія ўлады не гатовыя да ратыфікацыі ўсяго пакета дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы.
Беларускія ўлады больш не разглядаюць магчымасць адмены з 1 студзеня 2011 года экспартных пошлін на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь у дадатак да бяспошлінных 6,3 млн. тон, паколькі не гатовыя да выканання галоўнай умовы – ратыфікацыі ўсяго пакета дакументаў па стварэнні АЭП.
Як заявіў сёння прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў РБ Андрэй Савіных, да пачатку 2011 года Беларусь толькі падпіша асноўны дакумент па АЭП. Прадстаўнік МЗС адзначыў, што беларускі бок таксама гатовы правесці неабходныя працэдуры па ратыфікацыі гэтых дакументаў, аднак гэта асаблівай ролі не грае: асноўны не азначае «ўвесь пакет», паведамляе АФН.
Савіных выказаў надзею, што партнёры па МС – Расея і Казахстан – са свайго боку выявяць дадатковыя высілкі па паскарэнні ратыфікацыі гэтых дакументаў і АЭП набудзе сілу ў «максімальна кароткія тэрміны».
Такім чынам, у рамках дасягнутых у студзені 2010 года дамоўленасцяў Беларусь атрымае ў 2011 годзе 6,3 млн. тон нафты для ўнутраных патрэбаў краіны, у той час як увесь дадатковы аб'ём нафты будзе імпартавацца па сусветным кошце.