BE RU EN

Валерыя Краўчанка: Міліцыю больш цікавілі ўлёткі Саннікава

  • 25.11.2010, 13:31

Заведзеная крымінальная справа па факце нападу на актывістку штаба Андрэя Саннікава.

Крымінальная справа заведзеная Першамайскім РУУС па артыкуле 339 КК РБ «Хуліганства», перадае сайт «Еўрапейская Беларусь».

Каля 17.30 Валерыя Краўчанка распаўсюджвала інфармацыйныя матэрыялы пра час тэлевізійнага выступу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, калі да яе падышоў невядомы. Ён некалькі разоў ударыў дзяўчыну па твары і нанес удар нагой у жывот. Пасля таго, як з бліжэйшага прыпынку падбеглі людзі і заступіліся за яе, той, хто нападаў, схаваўся.

Пасля гэтага Краўчанка звярнулася ў паліклініку па дапамогу. Медыкі зафіксавалі ў яе ўдар мяккіх тканкаў жывата і правага вуха. Адтуль яе забралі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў ГАМ Першамайскага раёна, дзе яна напісала заяву пра напад.

Сёння Валерыя Краўчанка адчувае сябе нармальна, але скардзіцца на галаўны боль.

«Гэта быў мужчына ва ўзросце каля 50 гадоў, крычаў «на трасянцы», што наш кандыдат не мае права інфармаваць пра сябе, зрываў нашыя матэрыялы, ударыў мяне некалькі разоў у твар. Калі падышоў аўтобус, выбеглі людзі, заступіліся за нас, тады ён уцёк, крыкнуўшы, што будзе хадзіць па Уруччы ўвесь час і зрываць усю інфармацыю пра Саннікава.

У міліцыі мяне апыталі, я дала апісанне таго, хто нападаў. Заўтра іду на судмедэкспертызу, а ў міліцыі буду апазнаваць яго сярод фатаграфіяў былых злачынцаў. У цэлым, стаўленне ў міліцыі было карэктным, але незразумела было, чаму большая частка пытанняў датычылася не самога нападу, а таго, якую інфармацыю мы распаўсюджвалі, дзе распаўсюджвалі, ці не было ў ёй заклікаў да змены канстытуцыйнага ладу і г.д.» -- распавяла Валерыя Краўчанка прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі».

Апошнія навіны