ЦВК выпісала пасведчанне даверанай асобы палітвязню Аўтуховічу
- 26.11.2010, 9:42
Цэнтравыбаркам, паспяшаўшыся, выдаў пасведчанне даверанай асобы палітвязню Мікалаю Аўтуховічу.
Цэнтравыбаркам звярнуўся да кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва з просьбай неадкладна вярнуць пасведчанне даверанай асобы, выдадзенае на імя Мікалая Аўтуховіча.
Чалец Цэнтравыбаркаму Надзея Кісялёва патлумачыла, што пасведчанне было выпісанае памылкова, паведамляе БелаПАН.
Як пазней патлумачылі ў Цэнтравыбаркаме старшыне Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, ЦВК імкнулася не зацягваць працэс выдачы пасведчанняў давераных асобаў, таму праверылі не ўсіх уключаных у спісы.
Галоўны фігурант справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч зараз па прысудзе суда адбывае пакаранне ў калоніі, такім чынам, не мае права браць удзел у выбарах у якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты.
«Дзіўна, што пытанні ў ЦВК узніклі толькі на наступны дзень пасля тэлевыступу Рыгора Кастусёва, у якім ён нагадаў пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча і распавёў гледачам, што той з'яўляецца яго даверанай асобай. Мы і надалей будзем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці да справы Аўтуховіча дзеля яго найхучтэйшага вызвалення», - заявіў Янукевіч.