BE RU EN

У банку Салігорска адмовіліся прымаць грошы на рахунак Саннікава (Відэа)

  • 26.11.2010, 17:05

Жыхар Салігорска засведчыў на відэа парушэнне закона збоку банка.

Дзмітрый Яўланаў хацеў ажыццявіць грашовы пералік на рахунак кандыдата ў прэзідэнты Саннікава Андрэя Алегавіча ў аддзяленні Беларусбанка №633/11 г. Салігорска.

У касе аддзялення яму заявілі, што не могуць ажыццявіць пералік на гэты рахунак. На просьбу растлумачыць прычыну адмовы быў атрыманы адказ, што ў іх аддзяленні яшчэ не ўсталявалі неабходную праграму. Пасля таго, як Яўланаў пачаў абурацца, падышла менеджар і растлумачыла, што ў іх старая версія праграмы, якая робіць грашовыя пералікі. У выніку зрабіць пералік у дадзеным аддзяленні не атрымалася.

«Увечары, пасля сустрэчы з выбарнікамі ў Салігорску з Андрэем Саннікавым, я паведаміў пра тое, што адбылося, прадстаўнікам кандыдата і з адным з прадстаўнікоў мы дамовіліся разам падысці ў гэтае аддзяленне «Беларусбанка». У 9.10, мы паспрабавалі разам ажыццявіць плацёж у той жа касе аддзялення. У гэтай касе знаходзіўся іншы касір, а ўчорашні сядзела ў суседняй. Новы касір пачала праводзіць аперацыю, што мяне здзівіла, і я задаў пытанне - а ці няма ніякай праблемы з пералікам на гэты рахунак, бо ўчора ў мяне гэта не атрымалася зрабіць. Яна адказала, што праблемы няма, бо ўчора, напэўна, гэтага рахунку не было ў базе дадзеных. Нашую гутарку пачула касір з суседняй касы, умяшалася ў гутарку і сказала, што пералік зрабіць нельга. Далей рушылі ўслед тыя ж самыя тлумачэнні пра немагчымасць грашовага пераліку, і што ў выпадку, калі я пералічу грошы, то мне прыйдзецца іх забіраць зваротна ў галоўным аддзяленні «Беларусбанка» Салігорска», -- распавёў Дзмітрый Яўланаў сайту «Еўрапейская Беларусь».

Сённяшняя спроба ажыццявіць плацёж была знятая на відэа. Інфармацыя аб гэтым выпадку перададзеная місіі БДІПЧ АБСЕ , якая правозіць маніторынг выбараў, і ў Цэнтрвыбаркам.

Апошнія навіны