Выбарчая «эквілібрыстыка»
- 8.11.2010, 9:22
Дзіўныя рэчы падчас выбарчых кампаній адбываюцца ў раённым цэнтры Свіслач (Гарадзенская вобласць).
Нагадаем, што на мінулых мясцовых выбарах на пасяджэнні адміністрацыі было заяўлена пра ўключэнне ў камісіі чатырох сябраў БСДГ, больш за тое - ім тэлефанавалі і запрашалі на першае пасяджэнне, а потым высветлілася, што ніхто з іх у склад участковых камісій не трапіў, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Цяпер адбылася гісторыя наадварот. На пасяджэнні раённай адміністрацыі па фарміраванні ўчастковых камісій, дзе прысутнічаў лідэр мясцовай арганізацыі БСДГ, Віктар Дзясяцік, было заяўлена, што ніхто з 5 чалавек, вылучаных абласной арганізацыяй гэтай партыі, ва ўчастковыя камісіі не трапіў. Якое ж было здзіўленне, калі праз дзень прадстаўніцы партыі БСДГ Зінаідзе Мухінай патэлефанавалі і паведамілі, што яна ўключана ў склад участковай камісіі па Гагарынскім участку №3 г. Свіслач.