Кустурыцу, аказваецца, падабаюцца дыктатары
- 9.11.2010, 16:27
Сербскі кінарэжысёр сказаў, што яму падабаецца «арыгінальны» стыль кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
«Калі вы захочаце зняць нешта самавітае, можа быць, не звязанае з Беларуссю, я думаю, мы палічым за гонар супрацоўнічаць з такім чалавекам», - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Менску падчас сустрэчы з кінарэжысёрам, перадае «Інтэрфакс-Захад».
Кіраўнік падкрэсліў, што Эмір Кустурыца «не ўмее здымаць дрэнныя фільмы, і, праславіўшы сябе яшчэ раз, ён праславіць і краіну».
Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі гатовыя дапамагаць мастацтву.
«А калі вы яшчэ і дзясятак нашых маладых кінарэжысёраў нечаму навучыце, вы проста будзеце героем нашай краіны. Нам так не хапае моцных, мужных і вельмі прафесійных кінарэжысёраў, якія ўмеюць мысліць», - сказаў дыктатар.
«Я вельмі ўсцешаны, што сустракаюся з такім кінарэжысёрам з Югаславіі, які вы ёсць. Гэта не проста пратакольная сустрэча, гэта сустрэча з маім паплечнікам: па многіх-многіх пытаннях нашыя погляды абсалютна падобныя», - падкрэсліў Лукашэнка.
Кіраўнік уручыў Эміру Кустурыцы прыз «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».
«Мне прыемна, што мне выпаў гонар у знак прызнання не толькі мною, але і ўсім рэжысёрскім цэхам вашых заслугаў перад мастацтвам, і ўручыць прыз нашага кінафестывалю «Лістапад», - сказаў кіраўнік, выказаўшы надзею на тое, што кінарэжысёр наведае Беларусь у дні правядзення наступных кінафэстаў і Славянскага базару.
У сваю чаргу кінарэжысёр падкрэсліў, што яму імпануе стыль кіраўніцтва краінай дыктатарам за яго імкненне да захавання незалежнасці.
«Лукашэнка кіруе краінай з вялікай павагай і арыгінальным спосабам», - заявіў Кустурыца.
«Сёння існуе сістэма разбурэння малых дзяржаў. Яе называюць шокавай тэрапіяй, так як буйныя карпарацыі прыходзяць у краіну і раз'ядаюць яе», - сказаў Кустурыца.
«Але калі вы ідзяце па вуліцах Менска, вы бачыце, што так не адбываецца», - падкрэсліў кінарэжысёр.
«Тэорыя тых, хто акупуе сёння малыя краіны, заключаецца ў тым, што яны прыносяць новыя працоўныя месцы», - адзначыў Эмір Кустурыца.
«Але выгаду, якую яны атрымліваюць, карпарацыі забіраюць сабе», - нагадаў кінарэжысёр.
«Вы кіруеце такім чынам, каб набытая выгада заставалася ў краіне, людзям. Вы хочаце захаваць сваю незалежнасць», - сказаў ён.
Пры гэтым Кустурыца падкрэсліў, што за гэта «трэба плаціць высокую цану». «Мы таксама хацелі гэтага, але нам перашкодзілі», - працягнуў ён, маючы на ўвазе бамбардзіроўкі Бялграда НАТА.