Назіральнікі - «для галачкі»
- 10.12.2010, 12:28
Большасць назіральнікаў, акрэдытаваных Слуцкай раённай выбарчай камісіяй, нават не з'яўляюцца на сустрэчах з кандыдатамі ў прэзідэнты.
Пра гэта паведаміў «Праваабаронцам за свабодныя выбары» праваабаронца Віталь Амяльковіч.
«На пасяджэннях камісіі я двойчы сустракаў назіральнікаў - ад Беларускага саюза афіцэраў і Беларускага саюза жанчынаў. У той жа час у спісе назіральнікаў, акрэдытаваных пры Слуцкай раённай выбарчай камісіі, - 11 чалавек. За выключэннем доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ, ніхто з назіральнікаў ад грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў фактычна нічым не займаецца. Ніхто з іх не з'яўляўся на сустрэчах з выбаршчыкамі кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Рыгора Кастусёва, Яраслава Раманчука», - кажа праваабаронца.
Праваабаронца нагадвае, што Слуцкай раённай камісіяй акрэдытаваныя назіральнікі ад БРСМ, Беларускага саюза жанчынаў, Беларускага саюза афіцэраў, Фонду міру, Беларускага дзіцячага фонду, Слуцкага раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў дзяржустановаў, Менскай абласной арганізацыі «Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі» і місіі СНД.