Мядзведзеў збіраецца на другі прэзідэнцкі тэрмін
- 10.12.2010, 13:36
Памочнік прэзідэнта Расеі Аркадзь Дварковіч лічыць, што Дзмітрый Мядзведзеў хоча пайсці на другі тэрмін на чале дзяржавы.
У інтэрв'ю Бі-бі-сі Аркадзь Дварковіч заявіў, што расейскі лідар не выключае магчымасці свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2012 года, і ён «дакладна гэтага хоча», перадае РБК.
«Той прэзідэнт, які збіраецца праз год сысці, паводзіць сябе па-іншаму», – дадаў памочнік Дзмітрыя Мядзведзева.
Паводле словаў Дварковіча, Мядзведзеў і прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін будуць кансультавацца адзін з адным наконт таго, каму з іх мэтазгодней высунуць сваю кандыдатуру на выбарах-2012. Пры гэтым ён адзначыў, што канчатковага рашэння на гэты конт прэзідэнт і прэм'ер пакуль не прынялі.
Нагадаем, 2 снежня Пуцін у інтэрв'ю Лары Кінгу заявіў, што яны з Мядзведзевым «прымуць узгодненае рашэнне з нагоды выбараў 2012 года». Паводле яго словаў, рашэнне будзе прынятае, «зыходзячы з эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай сітуацыі ў краіне».
Раней Мядзведзеў заявіў, што не выключае магчымасці балатавацца на выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2012 годзе. Пры гэтым, паводле словаў прэзідэнта, ён і Пуцін «людзі блізкія».
«Мы зможам дамовіцца, якім чынам не пхацца локцямі», - сказаў Мядзведзеў.
Паводле словаў дзейснага кіраўніка дзяржавы, важна не дапусціць «проціборства паміж блізкімі сіламі» пры вызначэнні кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2012 года. Расейскі лідар лічыць, што ў яго ёсць відавочныя стылістычныя адрозненні з Пуціным, нягледзячы на «адзіную мову зносін».
Пры гэтым у жніўні 2010 года прэзідэнт заявіў на сустрэчы з журналістамі ў Сочы, што кандыдатам у прэзідэнты можа стаць і «хтосьці трэці».