Мікалай Аўтуховіч – адзін з самых вядомых палітвязняў свету
- 10.12.2010, 14:10
У спісе 15 найболей вядомых палітвязняў свету Freedom House прыводзіць імя беларуса Мікалая Аўтуховіча.
У Дзень правоў чалавека і ў дзень завочнага ўручэння Нобелеўскай прэміі міру заключанаму кітайскаму дысідэнту, на сайце www.foreignpolicy.com з'явіўся спіс найболей вядомых палітвязняў свету. Спіс складзены праваабарончай арганізацыяй «Freedom House». Лю Сяо, гаворыцца ў артыкуле, адзін з сотняў прыкладаў невінаватых мужчынаў і жанчын, якія знаходзяцца за кратамі ва ўсім свеце за іх палітычныя погляды і адстойванне правоў чалавека, перадае «Радыё Свабода».
У спіс пад назвай «Планета Гулаг» уключаныя 15 краінаў: Бахрэйн, Беларусь, Бірма, В'етнам, Гамбія, Іран, Казахстан, Кыргызтан, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Расея, Руанда, Сірыя, Узбекістан.
Найболей вядомымі палітвязнямі Расеі з'яўляюцца Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў. У Казахстане адбывае свой тэрмін Яўген Жоўціс, былы кіраўнік міжнароднага бюро па правах чалавека, асуджаны за нібы зладжаную ім дарожную аварыю са смяротным зыходам. У Іране за антыдзяржаўную прапаганду была асуджаная адвакат Насрын Сатудэ, якая абараняла Нобелеўскага лаўрэата міру Шырын Эбадзі.
У персанальным раздзеле, прысвечаным Мікалаю Аўтуховічу, адзначаецца, што ўпершыню гэты паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года. Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго засудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Еўразвяза ў 2008-м годзе, аднак ужо ў 2009-м яго зноў засудзілі, гэтым разам на пяць гадоў нібы за захоўванне зброі. Здароўе Аўтуховіча сур'ёзна падарванае серыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі. Паводле меркавання «Freedom House», насамрэч Аўтуховіч заклікаў да дэмакратычных зменаў у Беларусі і натхняў землякоў не баяцца выказвацца супраць рэжыму Лукашэнкі.
Адным з нешматлікіх яшчэ існых сталінскіх рэжымаў на планеце называецца Паўночная Карэя. Паколькі ў краіне не існуе ніводнай праваабарончай арганізацыі, «Freedom House» уключыла ў спіс калектыўнага невядомага палітвязня. Паводле прыблізных падлікаў, у краіне каля 200 тысяч людзей знаходзяцца ў зняволенні па палітычных поглядах у шасці вялікіх лагерах. Паводле сведчанняў тых, каму атрымалася вырвацца з краіны, стаўленне да зняволеных паўночнакарэйскага ГУЛАГа можна назваць злачынствам супраць чалавецтва. Сведкі кажуць пра сістэматычныя катаванні, публічнае пакаранне смерцю, рабскую працу і прымусовыя аборты. Больш за тое, рэжым практыкуе абвінавачванні ў «саўдзеле», паводле якіх сем'і палітвязняў, уключаючы дзяцей, караюцца ажно да трэцяга калена.