«Утаймаванне» інфляцыі прывяло да яе росту
- 13.12.2010, 12:17
На ўсебеларускім сходзе Лукашэнка шмат казаў пра эканамічныя «поспехі», але чамусьці замоўчаў пра дасягненні ў барацьбе з інфляцыяй.
Як піша «Салідарнасць», у самым канцы мінулага тыдня Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў экспрэс-інфармацыю пра асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень-лістапад 2010 года. Паводле афіцыйных дадзеных, за 11 месяцаў інфляцыя склала 8,9% (і гэта традыцыйна заніжаныя афіцыйныя лічбы – заўв. charter97.org).
Можна з упэўненасцю прагназаваць, што па выніках года планка ў 10% будзе перавышаная. А што на гэты конт абяцаў Аляксандр Лукашэнка?
Адчыняем яго перадвыбарчую праграму ўзору 2006 года. У гэтым дакуменце сказана дакладна і безапеляцыйна: «Знізіць інфляцыю да ўзроўню не больш чым 5 адсоткаў у год».
Пацвердзіў Лукашэнка гэтыя планы і на трэцім усебеларускім народным сходзе: «Інфляцыя павінна быць зніжаная да ўзроўня не больш за 5 адсоткаў у год».
Дарэчы, па выніках 2005 года кошты, паводле афіцыйных дадзеных, выраслі роўна на 8%. Так што, задача выглядала цалкам рэальнай. Але…
Атрымліваецца, што ўтаймаванне інфляцыі праваленае: у цяперашнім годзе яна будзе на чвэрць вышэй, чым пяць гадоў таму, і ўдвая больш за запланаванае.
Да гэтага мае сэнс дадаць і яшчэ адно наша дасягненне. Па выніках апошняга дзесяцігоддзя Беларусь з'яўляецца абсалютным лідэрам па росце коштаў сярод еўрапейскіх краінаў.
Нядзіўна, што Аляксандр Лукашэнка сціпла замоўчаў на ўсебеларускім народным сходзе пра свае «поспехі» ў барацьбе з інфляцыяй…