Улады адмовілі ў візе старшыню Нарвежскага Хельсінкскага камітэта
- 13.12.2010, 17:43
Адмова ў візе замежнаму праваабаронцу наўпрост звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, упэўненыя яго калегі.
Беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла ў візе старшыню Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Бьёрну Энгесланду (Bjorn Engesland), паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Як паведаміў Энгесланд, яму вярнулі пашпарт са штампам з забаронай на ўезд - без тлумачэння прычынаў.
Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі называе гэтую адмову паказальнай.
«Адмова ў візе Бьёрну Энгесланду з'яўляецца яркім паказнікам таго, якім чынам беларускія ўлады ставяцца да пытання правоў чалавека ў краіне», - падкрэсліў праваабаронца.
Бяляцкі лічыць, што адмова ў візе замежнаму праваабаронцу наўпрост звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Нагадаем, што раней Амбасада Рэспублікі Беларусь у Стакгольме адмовіла ў візе Марціну Углу - старшыню швецкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen. Афіцыйнай матывацыі такога рашэння праваабаронца ад беларускай амбасады таксама не атрымаў.