Беларусь скараціла імпарт нафты амаль на 36%
- 17.12.2010, 9:11
У студзені-кастрычніку 2010 года Беларусь скараціла імпарт расейскай нафты на 35,7% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
За дзесяць месяцаў у краіну ўвезена 11,5 млн. тонаў нафты. Сярэдні кошт адной тоны імпартнай нафты ў параўнанні з коштам тоны нафты за аналагічны перыяд 2009 года вырас на 36,2% і склаў 433 даляры. З Расеі імпартавана 10,2 млн. тонаў (на 43,2% менш), з далёкага замежжа — 1,3 млн. тонаў (у 2009 годзе не імпартавалася), паведамляе БелаПАН са спасылкай на Белстат.
У студзені-кастрычніку скараціўся імпарт і экспарт нафтапрадуктаў. Імпартавана 1 млн. 205,9 тыс. тонаў нафтапрадуктаў (падзенне на 59,8%), экспартавана 8 млн. 158,3 тыс. тонаў (падзенне на 35,5%). З Расеі імпартавана 732,6 тыс. тонаў (на 75,4% менш).
Сярэдні кошт экспарту тоны нафтапрадуктаў павялічыўся на 36,2% (да 589 даляраў за тону), сярэдні кошт імпарту — на 74,1% (568 даляраў).