Грыбаўскайтэ назвалі «выскачкай года» з-за Лукашэнкі
- 17.12.2010, 13:04
Брытанскі штотыднёвік The Economist прысвоіў прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ тытул «выскачка года».
Пра гэта паведамляе ru.DELFI.lt са спасылкай на BNS.
Прычына – адмова Грыбаўскайтэ прыехаць на вячэру з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам і станоўчае стаўленне да беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
Прычынай адмовы ад вячэры з Абамам было негатыўнае стаўленне Грыбаўскайтэ да новай дамоўленасці па ядзерным стратэгічным узбраенні (START) паміж ЗША і Расеяй, чым прывяла ў шаленства адміністрацыю ЗША.
«Яна можа патрапіць у Белы Дом толькі ў тым выпадку, калі прыедзе туды з іншымі турыстамі», - цытуе The Economist ананімнага амерыканскага чыноўніка.
Выданне таксама адзначае, што «Грыбаўскайтэ, працуючы ў Еўракамісіі, дзе яна адказвала за бюджэт, выдатна выконвала свае абавязкі, але абавязкі прэзідэнта – іншыя».
Прэзідэнт Літвы адмовілася ўдзельнічаць у вячэры, арганізаванай прэзідэнтам ЗША напачатку красавіка ў Чэхіі. На вячэру былі запрошаныя лідэры краінаў Усходняй Еўропы. Грыбаўскайтэ сказала, што яна не хоча піць шампанскае за дамову, якая можа нанесці шкоду бяспецы Еўропы.