На выбарчай урне нечакана перамясцілася пячатка (Фота)
- 17.12.2010, 14:11
Праваабаронцы не выключаюць, што выбарчая ўрна была ўскрытая.
У берасцейскай сярэдняй школе №30 размешчаныя два выбарчыя ўчасткі - №111 і 113. Як паведаміў назіральнік Андрэй Магер, які прысутнічаў пры апламбаванні ўрнаў для датэрміновага галасавання на абодвух участках, праз два дні ім было заўважана, што на ўрне, усталяванай на ўчастку №111, пячатка і аркуш паперы з подпісамі чальцоў выбарчай камісіі размяшчаюцца ў іншым месцы, чым у першы дзень датэрміновага галасавання. Трэба адзначыць, што папярэдне назіральнік сфатаграфаваў размяшчэнне аркуша з подпісамі і пячаткі, таму яму было з чым параўнаць, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Андрэй Магер не выключае, што выбарчая ўрна была ўскрытая, аднак старшыня камісіі на гэтым участку спрабавала запэўніць назіральніка, што пячаткі прысутнічаюць на тым жа месцы, а назіральнік проста памыляецца. Тым не менш, Магер пасля кансультацыі з юрыстамі, дакументальна падрыхтаваў акты пра парушэнне выбарчага заканадаўства і адаслаў іх у пракуратуру і Цэнтрвыбаркам.