BE RU EN

«Тэлеблакада» Саннікава ў Дзяржынску

  • 2.12.2010, 12:53

Падчас выступу кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Рыгора Кастусёва ў Дзяржынску адключылі вяшчанне мясцовых кабельных сетак.

Адразу пасля заканчэння выступаў кандыдатаў трансляцыя аднавілася ў звычайным рэжыме.

Пра гэта «Народнай волі» распавёў жыхар Дзяржынску Мікалай Вербановіч.

«Учора, прыкладна ў 19.00, якраз перад пачаткам выступаў кандыдатаў у прэзідэнты, раптам адключылася трансляцыя кабельнага тэлебачання. Абанентамі ТДА «Прызма» - кампаніі, якая забяспечвае трансляцыю кабельнага тэлебачання, з'яўляецца пераважная колькасць жыхароў горада. Заўважу, што электрычнасць у дамах ў гэты час была, не трансляваліся толькі тэлеканалы. Каб разабрацца ў сітуацыі, я стаў тэлефанаваць у «Дзяржынскія кабельныя сеткі», але там учора ўвечары было ўвесь час занята.

Ці варта казаць, што пасля 20.00, калі кандыдаты ў прэзідэнты скончылі свае выступы, вяшчанне аднавілася ў звычайным рэжыме. Асабіста я не веру ў такія выпадковасці. Людзям не даюць даведацца праўду…», - упэўнены жыхар Дзяржынска.

Каб праверыць ці з'яўляецца супадзеннем учорашні «тэлеінцыдэнт», «Народная воля» патэлефанавала ў ТДА «Прызма». Прычыну адсутнасці вяшчання там патлумачылі аварыяй.

«Учора ў Дзяржынску адбылася сур'ёзная аварыя. Былі пашкоджаныя лініі электразабеспячэння. Падчас рамонту быў пашкоджаны тэлевізійны кабель, таму некаторы час кабельныя каналы не трансляваліся. Вяшчанне аднавілася прыкладна ў 19.40», - патлумачылі там.

Падрабязнае «тлумачэнне» змешчанае і на сайце ТДА «Прызма».

Застаецца адкрытым пытанне: чаму «пры сур'ёзнай аварыі ў электразабеспячэнні» перабояў з электрычнасцю ў дамах жыхароў Дзяржынска не было, не трансляваліся толькі тэлеканалы.

Апошнія навіны