BE RU EN

Статкевіч і Вус сустрэліся з выбаршчыкамі ў Баранавічах (Фота)

  • 3.12.2010, 9:57

Ім вылучылі самую вялікую залу горада – гарадскі Дом культуры.

Кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Дзмітры Вус праводзілі сустрэчы 2 снежня з выбаршчыкамі ў Баранавічах, перадае «Радыё Свабода».

У зале 500 месцаў, але на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзідэнты прыйшло толькі каля 100 выбаршчыкаў. Магчыма, таму, як патлумачылі мясцовыя жыхары, што гарадская выбарчая камісія позна размясціла інфармацыю пра сустрэчу, і што нечакана ў апошні момант было змененае месца сустрэчы.

Ва ўступным слове кандыдат Мікалай Статкевіч завіў, што горад Баранавічы для яго – другая радзіма. Тут жыве яго бацька, тут пахаваная яго маці, і тут ён сам больш за год працаваў і адбываў пакаранне на так званай «хіміі». Статкевіч заявіў, што Беларусь застаецца краінай-ізгоем у Еўропе, бо тут няма свабодных выбараў з 1995 года, тут няма свабоды слова, няма свабоды СМІ. Ён падрабязна спыніўся на тэме фальсіфікацыяў на беларускіх выбарах, на тым, як гэта робіцца, як ідзе падлік галасоў, і, на яго думку, гэта робіцца горш чым у некаторых афрыканскіх краінах, дзе галасы ўсё ж лічаць.

Кандыдат Дзмітры Вус у сваім уступным слове заявіў, што ён пайшоў у палітыку пасля таго, як у яго як бізнэсмэна пачаліся праблемы ў адносінах з дзеючай уладай, і як улады не зарэгістравалі яго для ўдзелу ў выбарах у «палату прадстаўнікоў» і Менскі гарсавет.

Выпадкова ці няма, але ў дзень прыезду Статкевіча і Вуса побач з домам культуры ўлады зладзілі фэст - адкрыццё гарадской навагодняй елкі. Да Статкевіча і Вуса ў Баранавічах пабывалі кандыдаты Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук, а 9 снежня чакаецца прыезд Уладзіміра Някляева.

Апошнія навіны