BE RU EN

Moody's: Банкаўская сістэма Беларусі можа абрынуцца ў любы момант

  • 3.12.2010, 10:09

Беларуская банкаўская сістэма выклікае непакой у незалежных экспертаў.

Бо беларускія банкі выдаюць крэдыты нават тады, калі гэтага рабіць катэгарычна нельга.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's падрыхтавала аналітычную справаздачу, у якой высока ацаніла рызыкі банкаўскай сістэмы Беларусі. Поўны тэкст справаздачы апынуўся ў распараджэнні БелаПАН.

Агенцтва Moody's з'яўляецца адным з ключавых ацэншчыкаў банкаўскай сістэмы Беларусі. Эксперты агенцтва аналізуюць сітуацыю ў шасці буйных фінансава-крэдытных установах краіны, якім у сукупнасці належыць больш за 70% банкаўскага рынку Беларусі.

У справаздачы Moody's выяўлены «негатыўны» прагноз развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі. Па просьбе БелаПАН выснову рэйтынгавага агенцтва пракаментаваў малодшы віцэ-прэзідэнт - аналітык Moody's Максім Багдашкін.

«Прагноз развіцця банкаўскай сістэмы застаецца «негатыўным», бо аперацыйнае асяроддзе для працы фінансавых інстытутаў у Беларусі па-ранейшаму складанае, - кажа Максім Багдашкін. - Мы бачым сур'ёзныя рызыкі ў макраэканамічнай сферы і лічым, што яны могуць прывесці да пагаршэння якасці крэдытных партфеляў банкаў, зніжэння ліквіднасці банкаўскага сектара».

Паводле ацэнак Moody's, стабільнасць у банкаўскай сферы вельмі моцна залежыць ад валацільных фактараў у эканоміцы.

«Сітуацыю ў эканоміцы краіны будзе вызначаць стан банкаўскай сферы. Беларусі трэба будзе вырашыць шэраг сур'ёзных праблемаў, звязаных з пакрыццём дэфіцыту бюджэту, адмоўнага сальда гандлёвага балансу, - адзначае Максім Багдашкін. - Ад вырашэння гэтых праблемаў будзе залежаць здольнасць дзяржавы аказваць рэсурсавую падтрымку банкам».

На думку эксперта, немагчымасць дзяржавы аказаць рэсурсавую падтрымку банкам можа замарудзіць тэмпы крэдытавання ў краіне.

«У выпадку пагаршэння сітуацыі ў макраэканоміцы здольнасць дзяржавы аказваць рэсурсавую падтрымку банкам будзе абмежаваная. Адпаведна, гэта, з аднаго боку, можа прывесці да запаволення тэмпаў крэдытавання, а з іншага - да пагаршэння сітуацыі ў рэальным сектары эканомікі», - мяркуе аналітык Moody's.

Яшчэ адна акалічнасць, якая моцна непакоіць рэйтынгавае агенцтва, - велічыня праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме складала на 1 кастрычніка 4%. Разам з тым аналітыкі Moody's ацэньваюць узровень праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі значна вышэй.

«Узровень праблемных актываў у беларускіх банках вышэй за тыя дадзеныя, якія адлюстраваныя ў іх афіцыйных справаздачах, - падкрэслівае Максім Багдашкін. - Паводле нашых ацэнак, 10-15% актываў у банкаўскай сістэме Беларусі з'яўляюцца праблемнымі».

Розніцу ў ацэнцы праблемных актываў Максім Багдашкін тлумачыць наступным чынам.

«Шматлікія буйныя прадпрыемствы падтрымліваюцца дзяржавай, дзякуючы чаму яны працягваюць выконваць свае абавязальніцтвы перад банкамі, - кажа Максім Багдашкін. - Аднак дзяржаве становіцца ўсё складаней падтрымліваць неэфектыўныя прадпрыемствы. Мы мяркуем, што рана ці позна ў такіх прадпрыемстваў узнікнуць складанасці з абслугоўваннем сваіх фінансавых абавязальнітцваў перад банкамі».

Па прагнозе Moody's, частку праблемных актываў у беларускіх банкаў атрымаецца палепшыць.

«Агульны ўзровень стратаў будзе ніжэй, чым памер праблемных актываў, - кажа Багдашкін. - Паводле нашых прагнозаў, з 15% «дрэнных» даўгоў 11% прынясуць банкам страты».

Высокі ўзровень стратаў у адносінах да праблемных актываў аналітыкі Moody's звязваюць з некалькімі фактарамі.

«Складанасці, звязаныя з рэалізацыяй закладной маёмасці, павялічваюць рызыкі стратаў па праблемных актывах, - адзначае Багдашкін. - Па-першае, у Беларусі складана накласці спагнанне на маёмасць дзяржаўных кампаніяў. Па-другое, рынак закладной маёмасці адсутнічае. Гэта павялічвае памер стратаў, якія нясуць банкі ў выпадках, калі актывы становяцца праблемнымі».

Паводле дадзеных Нацбанка, адна з галоўных прычынаў узнікнення праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі - абслугоўванне дзяржпраграмаў.

У аналітычнай запісцы Нацбанка, падрыхтаванай увосень гэтага года, з гэтай нагоды кажацца: «Асноўнай праблемай у банкаў, уцягнутых у сістэму фінансавання дзяржаўных праграмаў, застаецца вымушанае незахаванне прынцыпаў бяспечнага функцыянавання з прычыны падавання крэдытных рэсурсаў фінансава няўстойлівым пазычальнікам з прыняццем на сябе адпаведных рызыкаў».

Іншымі словамі, пад ціскам органаў дзяржкіравання, якія зацвярджаюць дзяржпраграмы, беларускія банкі выдаюць крэдыты нават тады, калі гэтага рабіць не варта. Ці трэба пасля гэтага дзівіцца прагнозу рэйтынгавага агенцтва Moody's, якое прадракае беларускім банкам вялікія страты?!

Апошнія навіны