BE RU EN

Зіма ў Беларусі ідзе на рэкорд

  • 10.02.2010, 11:55

Столькі марозных дзён запар у Беларусі апошні раз было пятнаццаць гадоў таму. Вельмі падобна, што цяперашняя зіма імкнецца паставіць рэкорд.

Ужо зараз колькасць марозных дзён - 43 дні. Такога не было ўжо паўтары дзесяцігоддзі, распавяла «Менск-Навіны» начальніца аддзела клімату Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Алена Камароўская.

Узімку 1995-1996 гг. адлігі не было ні разу за ўсе тры месяцы. Тады гэта была адзіная такая зіма за ўвесь пасляваенны перыяд метэаназірання.

Гэтую зіму 2009-2010 падвёў снежань, калі плюсавая тэмпература з дажджом змянялася маразамі і снегам. І толькі з 29 снежня ўсталявалася слабамарознае надвор'е. Да Новага года маразы памацнелі і больш не сыходзілі.

Шмат цяперашняй зімой і дзён з сярэднесутачнай тэмпературай ніжэй за 10 градусаў. За снежань-першую дэкаду лютага іх было 25. Апошні раз падобная з'ява назіралася ўзімку 2002-2003 гг., а раней узімку 1995-1996 гг.. У тыя зімы выпала па 33 асобліва марозныя дні.

Не абяцае пакуль у сталіцы сапраўднай адлігі і люты. Мінулай ноччу слупок тэрмометра апускаўся да -17. Уначы, якая будзе, чакаецца -12…-14, заўтра ўдзень -4…-6. Крыху пацяплее да канца цяперашняга тыдня, калі на тэрыторыю Беларусі накіруюцца вільготныя паветраныя масы з Чорнага мора. Маразы адступяць.

Заўтра час ад часу будзе ісці снег і мокры снег, падзьме парывісты паўднёваўсходні вецер. Магчымы слабы галалёд. Уначы -3... -5, удзень 0… -2. Да канца тыдня ў Менску ўтрымаецца слабамарознае надвор'е.

Лёгкі і ўмераны мароз прагназуюць сіноптыкі і ў пачатку наступнага тыдня.

У далейшым жа абяцаюць няўстойлівае надвор'е, калі перыяды паніжэння тэмпературы будуць чаргавацца з перыядамі падвышэння. Уначы ад -5 да -10 (у асобныя ночы пры праясненнях да -15), удзень ад -2 да -7.

Магчыма, у трэцяй дэкадзе лютага на працягу 2-4 дзён тэмпература паветра будзе блізкай да нуля і нават слабададатнай.

Апошнія навіны