BE RU EN

Пуцін едзе ў Беларусь гандлявацца за НПЗ?

  • 11.02.2010, 12:19

Новыя ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь могуць спрыяць прыватызацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Прычым найбольш верагодным іх пакупніком з'яўляюцца расейскія нафтавыя кампаніі, перадае «Нямецкая хваля».

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 10 лютага заявіў, што Менск да цяперашняга часу не падаў якіх-небудзь прапановаў, датычных ўдзелу расейскіх кампаніяў у прыватызацыі беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў. Між тым, як перадае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў нафтаперапрацоўчай галіне, загрузка абодвух беларускіх НПЗ - Мазырскага і Наваполацкага - з'яўляецца зараз мінімальнай. Расейскія экспарцёры чакаюць ратыфікацыі заключанага ў канцы студзеня 2010 пагаднення аб умовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусі.

Паводле дакумента, у цяперашнім годзе 6,3 мільёнаў тон нафты (для ўнутранага запатрабавання) будуць пастаўляцца ў Беларусь бязпошлінна. Затое за астатнія 15 мільёнаў тон прыйдзецца плаціць без усякіх зніжак. Не выключана, што расплачвацца за нафту, якая падаражэла, Беларусь захоча акцыямі сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Пры гэтым, як лічаць незалежныя эксперты, найбольш верагодным іх пакупніком будуць расейскія кампаніі «Лукойл» ці «Раснафта».

Як лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, у савецкі час Беларусь спажывала 6 мільёнаў тон нафты ў год. А пабудавалі два прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі 30 мільёнаў тон нафты. Сёння падобныя дыспрапорцыі захаваліся. Вось толькі нафта цяпер стала расейскай, і за яе трэба плаціць.

У гэтай сітуацыі, адзначае Леанід Заіка, «і амерыканцы, і немцы, і французы і нават папуасы разумеюць, што ў Беларусі нафты няма», а беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы патрэбныя тым кампаніям, якія змогуць у Беларусь гэтую сыравіну пастаўляць. Гэта значыць – расейскім.

Прыклад Мазыра - заразлівы?

Аднак, як нядаўна паведаміў першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка, у апошні час «расейскі бок астыў у сваіх прапановах» наконт прыватызацыі беларускіх НПЗ. Ва ўсялякім выпадку, на перамовах аб умовах пастаўкі нафты ў краіну гэтая тэма не ўзнімалася.

У той жа час прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што пытанне прыватызацыі нафтаперапрацоўчага і нафтахімічнага комплексу «Нафтан-Палімір» будзе абмяркоўвацца 16 сакавіка ў Берасці на яго сустрэчы з расейскім прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным.

Разам з тым, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 10 лютага заявіў, што Менск да цяперашняга часу не падаў якіх-небудзь прапановаў, датычных ўдзелу расейскіх кампаніяў у прыватызацыі беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў. Як перадае «Інтэрфакс», Сурыкаў адзначыў, што размовы на гэтую тэму вядуцца з 90-х гадоў, «але далей размоваў справа не ішла».

Стымулы для продажу

Пра прыватызацыю беларускіх НПЗ расейскімі кампаніямі кажуць з 90-ых гадоў

Як адзначае незалежны эканаміст Міхаіл Радкевіч, найбольш верагодныя прэтэндэнты на прыватызацыю комплексу «Нафтан-Палімір» - расейскія кампаніі «Раснафта» і «Лукойл». Пра тое, што гэтыя кампаніі будуць удзельнічаць у прыватызацыі «Нафтана», гаворка ішла яшчэ летась на лютаўскім паседжанні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Але ў сувязі са зменай і ўзмацненнем жорсткасці ўмоваў паставак нафты для Беларусі прыватызацыя паскорыцца, лічыць эксперт.

У новых эканамічных умовах беларускі ўрад, на погляд Радкевіча, будзе спрабаваць аптымізаваць прыбыткі ад нафтаперапрацоўкі. З-за дарагой сыравіны кіраўніцтва краіны будзе вымушанае думаць пра тое, як загрузіць вытворчасць нафтай і, адпаведна, вызначацца, як атрымліваць прыбыткі ад продажу нафтапрадуктаў.

Прасцей за ўсё папоўніць беларускую казну будзе праз прыватызацыю НПЗ, лічыць Міхаіл Радкевіч. Пры гэтым, паводле ім словаў, трэба ўлічваць, што Мазырскі НПЗ ужо амаль напалову з'яўляецца расейскай уласнасцю, бо больш за 42 адсоткі яго акцыяў належаць кампаніі «Слаўнафта». Таму асноўная прыватызацыйная актыўнасць разгорнецца вакол наваполацкага «Нафтана». Але галоўным каменем спатыкнення, як і раней, упэўнены эксперт, будзе кошт продажу.

Апошнія навіны