BE RU EN

Рух «За свабоду» заклікае правесці форум беларускіх і французскіх NGO

  • 15.02.2010, 15:24

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з амбасадарам Францыі Мішэлем Рэнеры.

Падчас размовы з Мішэлем Рэнеры, якая адбывалася ў офісе руху «За Свабоду», быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, перадае прэс-служба арганізацыі.

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра асаблівасці дзейнасці ў Беларусі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, падзяліўся планамі на бліжэйшыя палітычныя і грамадскія кампаніі. Аляксандр Мілінкевіч паведаміў амбасадару Францыі пра задачы, для вырашэння якіх быў створаны Рух «За Свабоду». Паводле яго словаў, гэта − умацаванне суверэнітэту, барацьба за свабодныя выбары, інтэграцыя ў аб’яднаную Еўропу.

На думку намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Віктара Карняенкі, вельмі важна ў рамках дыялогу Еўразвяз-Беларусь патрабаваць ад беларускіх уладаў сустрэчных крокаў па лібералізацыі і дэмакратызацыі, каб не дапусціць развіцця Беларусі па «азербайджанскім» або нават «кітайскім» сцэнары.

Старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей распавяла пра механізмы палітычных рэпрэсій, што выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі ў барацьбе з іншадумцамі. У прыватнасці, была звернута асаблівая ўвага амбасадара на выкарыстанне такіх формаў палітычнага пераследу, як арышты, штрафы, адлічэнні з ВНУ, «палітычны прызыў» у войска.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ідэю правядзення форуму францускіх і беларускіх NGO, распавялі пра мэты ўдзелу апазіцыі ў мясцовых выбарах, выказалі сваю пазіцыю адносна фармавання прадстаўніцтва Беларусі ў Парламенцкай асамблеіі «Усходнягя Партнёрства» Еўранэст.

Мішэль Рэнэры распавёў падчас гутаркі з актывістамі Руху «За Свабоду» пра сваю дыпламатычную кар'еру.

Апошнія навіны