BE RU EN

Снегапады ў Беларусі пабілі стогадовыя рэкорды

  • 15.02.2010, 15:29

Міжземнаморскі цыклон прынёс у Беларусь вялікія снегапады. У Менску гурбы выраслі на 10 см.

У большасці раёнаў краіны за перыяд з 12 па 15 лютага вышыня снежнага покрыва павялічылася на 10-23 см, што складае прыкладна 30-60% месячнай нормы ападкаў, паведамляе БелТА.

Вышыня снежнага покрыва вагаецца ад 15 см у раёне метэастанцыі Палеская (Лунінецкі раён Берасцейскай вобласці) да 54 см у Полацку. У сталіцы вышыня гурбаў дасягае 43 см.

Так, у Берасці вышыня снежнага покрыва дасягае 49 см, чаго за апошнія сто гадоў там не фіксавалася ні разу.

У Віцебску адзначаецца новы рэкорд вышыні снежнага покрыва за ўсе гады метэаназіранняў. Сёння ён склаў 52 см.

У Гарадзенскай вобласці таксама снегапады перавышаюць паказчыкі некалькіх дзесяцігоддзяў. Вышыня снежнага покрыва ў Наваградку перавысіла рэкорд 30-гадовай даўніны. У Гародні, не вытрымаўшы снежнай нагрузкі, абваліўся дах жылога дома, пабудаванага ў 1900 годзе. Плошча правалу склала 90 кв. м. З-за правалу даху апынуўся пашкоджаны столь у кватэры на другім паверсе дома, дзе знаходзілася сям'я з трох чалавек. Ніхто з іх не пацярпеў.

Апошнія навіны