Жана Літвіна: Няўжо размова магчымая толькі, калі ўжываюцца жорсткія санкцыі?
- 17.02.2010, 10:20
Падчас разгону акцыі салідарнасці 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менска затрымалі фотакарэспандэнтку «Нашай Нівы» Юлію Дарашкевіч.
Журналістку пратрымалі ў Цэнтральным РУУС тры гадзіны. Яе спрабавалі абвінаваціць у нанясенні цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі. У аддзяленні міліцыі ў Юліі Дарашкевіч узялі тлумачэнні, забралі асабістыя рэчы і склалі іх вопіс.
Фотакарэспандэнтка распавяла, што на плошчы нейкі чалавек у цывільным увесь час перашкаджаў ёй здымаць акцыю, хапаў яе фотаапарат, а потым заявіў, што яна яго ўдарыла. Дарашкевіч сцвярджае, што не чапала міліцыянта. «Я задала ім лагічнае пытанне: няўжо супрацоўніка міліцыі можа ўдарыць дзяўчына, якая двума рукамі трымаецца за свой фотаапарат?».
Падчас разгону акцыі 16 лютага на плошчы была вялікая колькасць людзей у цывільным, якія дзейнічалі па старой схеме і перашкаджалі журналістам асвятляць падзеі, прычым надзвычай жорстка – хапалі за аб'ектывы, за оптыку. Пры гэтым, па назіранні фотакарэспандэнта Сяргея Грыца, у гэты раз «апекуноў» было яшчэ больш – па 5-7 чалавек у цывільным на аднаго журналіста.
Сітуацыю пракаментавала сайту baj.by старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна: «Перашкоды дзейнасці журналістаў працягваюцца. Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў не так даўно запэўніваў журналістаў, што «паміж МУС і СМІ няма зачыненых тэмаў і дзвярэй». Дзверы зачыненыя, тэма забароненая, таму што шматлікія звароты да міліцэйскага кіраўніцтва застаюцца без адказу па сутнасці.
Мы спрабавалі прытрымвацца працэдуры і наладзіць з Міністэрствам унутраных справаў дыялог праз кіраўнічку Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Святлану Бароўскую. На сённяшні дзень усё скончылася парадай звярнуцца ў МУС у пісьмовым выглядзе. У чарговы раз БАЖ накіраваў зварот міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову. У лісце мы дамагаемся магчымасці асабіста данесці да міністра сваю пазіцыю адносна ўзаемаадносінаў МУС і журналістаў і мераў, якія могуць спыніць парушэнні заканадаўства аб СМІ з боку супрацоўнікаў міліцыі.
Так працягвацца далей не можа. Няўжо замест дыялогу ўнутры краіны размова магчымая толькі тады, калі ўжываюцца жорсткія санкцыі?...
Паўтор гэтых бесстаронніх сітуацый і цынізм паводзін прадстаўнікоў праваахоўных органаў у стаўленні прэсы не могуць не выклікаць абурэнні», - сказала Жана Літвіна.