Хлусня ў вялікіх пагонах
- 17.02.2010, 12:32
Яшчэ нядаўна кіраўнік МУС Куляшоў называў людзей у цывільным, якія закрываюць аб'ектывы падчас акцыяў апазіцыі, «неўстаноўленымі асобамі».
І вось падчас акцыі салідарнасці 16 лютага адзін з такіх «неўстаноўленых» назваўся прапаршчыкам Ігнацьевым і адабраў фотаапарат у журналісткі «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч. А другі абвінаваціў яе ў тым, што яна яго ўдарыла. І таксама назваўся міліцыянтам. Потым цэлы аўтобус затрыманых людзьмі ў цывільным апазіцыянераў адвезлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы.
Брыдка лавіць міністра на дзіцячай хлусні. Але здзіўляцца няма чаму: чыноўнік маніць у вочы грамадству, бо не падсправздачны яму. А за свае дзеянні адказвае толькі перад вышэйшым начальнікам. Як і прапаршчык Ігнацьеў з калегам вольныя ў сваіх дзеяннях, бо хлусіць іх міністр Анатоль Куляшоў. І яшчэ сваёй хлуснёй прыкрывае іх, піша газета «Наша Ніва» у рэдакцыйным каментары.
І чыноўнікі цвёрда перакананыя, што дзяржаўнае — гэта іх, і таму, калі ты працуеш у дзяржаўным СМІ, дык гэта ўжо твой выбар адданасці гэтаму чыноўніку… І яшчэ многа ў іх дзіўных уяўленняў.
Парадаксальна, у гэтым работнікі дзяржапарату ўспадчваюць звычаі самай антыдзяржаўнай часткі грамадства — злодзеяў, блатных. Для іх любы па-за іх колам, — не чалавек. Падмануць яго — не грэх. І найменшае, што дазволена, робіць выснову «Наша Ніва».