Экс-начальнік УУС Гарадзенскай вобласці збег з-пад следства
- 18.02.2010, 11:14
Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да былога начальніка Гарадзенскай міліцыі Генадзя Хацько.
Яму інкрымінуюць перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у праваахоўных органах.
«Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да былога начальніка УУС Гарадзенскай вобласці генерал-маёра міліцыі Хацько па ч. 1 арт. 424 «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі» Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паведамілі ў праваахоўных органах.
«Справа для расследавання была перададзеная ў Гарадзенскую абласную пракуратуру. Генерал не з'явіўся па позве ў праваахоўныя органы», - паведамілі суразмоўцы агенцтва.
Паводле іх словаў, ёсць інфармацыя пра тое, што сваякі генерала афіцыйна звярнуліся з заявай аб яго знікненні.
У праваахоўных органах удакладнілі, што «мера стрымання да Хацько не ўжывалася, ён нават не быў пад падпіскай аб нявыездзе».
У лістападзе 2009 Хацько быў вызвалены ад пасады начальніка УУС Гарадзенскай вобласці, якое ўзначальваў са студзеня 2005 года.