Беларускі аўтапрам скараціў вытворчасць амаль на 40%
- 18.02.2010, 12:36
Па выніках студзеня ў аўтамабільнай прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі перавышаюць сярэднемесячную вытворчасць у 3,6 разы.
Аб'ём вытворчасці ў аўтамабільнай прамысловасці ў студзені 2010 года знізіўся на 37,2% у адносінах да студзеня 2009 года, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Белстат.
У бягучых цэнах па выніках першага месяца 2010 года аб'ём вытворчасці ў гэтай падгаліне машынабудавання склаў 372,4 млрд. рублёў. Быў выпушчаны 671 грузавы аўтамабіль, што на 57,6% менш за студзень 2009 года, 83 аўтобусы (на 53,1% менш), 393 аўтамабільныя прычэпы (на 42,6% менш).
Па выніках студзеня ў аўтамабільнай прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі перавышаюць сярэднемесячную вытворчасць у 3,6 разы. Грузавых аўтамабіляў на складах прадпрыемстваў знаходзіцца 3.676 (перавышэнне ў 5,5 раза), аўтобусаў - 292 (у 3,5 раза), аўтамабільных прычэпаў - 1 тыс. 409 (у 3,6 разы).
Паводле вынікаў 2009 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў аўтамабільнай прамысловасці склала 9,6% супраць 10,8% у 2008 годзе, рэнтабельнасць продажу - 7,8% (8,9%).
З стратамі па выніках мінулага года працавала 19 прадпрыемстваў аўтапрама (32,2% да агульнай колькасці). Чыстая страта склала 32,1 млрд. рублёў. Для параўнання, у 2008 годзе стратнымі былі чатыры прадпрыемствы (6,8%), якія атрымалі страту ў 38,1 млрд. рублёў.