BE RU EN

Зянон Пазняк: Без дэмакратыі не будзе вольны ніхто

  • 18.02.2010, 17:51

Еўропа недаацэньвае ступень подласці рэжыму Лукашэнкі, лічыць лідэр партыі КХП-БНФ.

У інтэрвью «Радыё Рацыя» старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі - БНФ «Адраджэнне» Зянон Пазняк пракаментаваў апошнія падзеі канфлікта беларускіх уладаў і Польшчы.

Зянон Станіслававіч, шматлікія палітолагі, палітыкі адзначылі, што гэты канфлікт, які пачаўся паміж Польшчаю і Беларуссю, быў для іх вельмі нечаканы і сапраўдным шокам. Паведамленні, што было затрымана столькі людзей, выклікаюць шмат эмоцыяў. А вось якія ў Вас думкі, эмоцыі з усёй гэтай сітуацыі?

– Тое, што гэтыя падзеі ў палітыкаў выклікалі эмоцыі, якія называюць сапраўдным шокам, вельмі дзіўна. Бо гэта ўжо доўжыцца 15 гадоў. Гэта доўжыцца ўвесь час. І ў той час, калі ўзніклі канфлікты з польскай меншасцю, збівалі моладзь 14-га лютага, збівалі дзяўчат і закідвалі іх у аўтазакі, і толькі за тое, што яны выйшлі адзначыць Дзень св. Валянціна, пагутарыць пра каханне. Пры гэтым шмат хто не разумеў, чаго іх кідаюць, чаго іх збіваюць. Гэта мы ўжо назіраем 15 гадоў. Гэта ёсць агульная праява антыбеларускага рэжыму. Знішчаецца беларуская нацыя, знішчаецца свабода слова, знішчана беларуская школа, беларускае слова. Усё нішчыцца.

Зянон Станіслававіч, апошні год адзначыўся тым, што Еўропа спрабуе наладзіць стасункі з афіцыйным Мінскам. Адбывалася быццам бы лібералізацыя, і зараз пачаліся размовы, што санкцыі зноў будуць абноўленыя. Такое пытанне: ці варта Еўропе супрацоўнічаць з Беларуссю?

– Усё, што па лібералізацыі, то гэта звычайная дэмагогія. А што датычыць польскага таварыства, то ў 2000-м годзе, калі там адышоў Тадэвуш Гавін, з якім у нас былі вельмі добрыя адносіны, а калі з'явіўся Кручкоўскі, то таварыства заявіла, што будзе супрацоўнічаць з Лукашэнка і не будзе супрацоўнічаць з БНФ. Вось дайшла чарга і да польскага таварыства. У гэтым рэжыме нічога не ацалее, ніякая нацыянальная меншасць. Калі знішчаецца тытульная нацыя, тытульная культура, то будзе знішчана ўсё, і таму справа ў дэмакратыі, без дэмакратыі не будзе вольны ніхто.

Еўропа адказала на гэтыя падзеі даволі востра. Як Вы лічыце, якія крокі павінны зрабіць дэпутаты Еўрапарламента, Еўропа і Польшча, каб нейкім чынам дапамагчы ў гэтай сітуацыі?

– Я думаю, што тут сітуацыя зразумелая ўжо даўно, і еўрадэпутатам трэба гэта зразумець, што не павінен быць асобны стандарт для польскай меншасці. Трэба казаць аб антыбеларускім рэжыме, аб антыдэмакратычным, аб парушэнні правоў чалавека, у тым ліку ўсіх нацыянальных меншасцяў. Толькі тады можа быць вырашанае пытанне. Калі пытанне будзе ставіцца такім чынам, як яно ставіцца зараз, то анічога не будзе.

Ці ёсць перспектывы ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве?

– Сапраўднага паўнацэннага ўдзелу няма. Гэта было зразумела з самага пачатку. Ёсць пэўныя тактычныя спадзяванні. Я некалі гаварыў, што дзверы ў Еўропу павінны быць адчыненыя, бо гэта магчымасць праводзіць больш гнуткую палітыку. Мы бачым, што рэжым Лукашэнкі абыгрывае еўрапейскую палітыку. Проста Еўропа недаацэньвае ступень подласці гэтага рэжыма. Гэта трэба зразумець. Трэба прымяняць трохі іншую тактыку.

А якую, на вашую думку?

– Адразу было сказана, калі мы сутыкаліся ў Празе, што не павінна быць капітуляцыі перад рэжымам. Не павінен ён дыктаваць свае ўмовы. А павінна Еўропа ставіць свае ўмовы. Скажам, правы чалавека, дэмакратычныя свабоды, узамен за крэдыты, узамен за пэўныя прэферэнцыі і г.д. Гэта павінна быць пастаўлена на такую аснову. А зараз адбываецца самаашуканства: выпусцілі двух палітвязняў, а другія сядзяць. Палітвязні сталі ў гэтым рэжыме прадметам гандлю. І Еўропа робіць выгляд, што яна гэтага не разумее: ёй трэба мець свой газ, у сэнсе расійскі газ, выкарыстоўваць транзітную дарогу і г.д. Пачалі закрываць вочы на тое, што адбываецца рэальна. Еўропе трэба зразумець, што дэмакратыя - гэта беларуская культура, дэмакратыя - гэта беларуская мова, гэта беларуская гісторыя. Гэта тое, што знішчае беларускі рэжым. Еўропе трэба гэта зразумець. Гэта ёсць асноўнае пытанне для нашай нацыі, для нашай культуры, для нашай дэмакратыі, у тым ліку і пытанні нацыянальнай меньшасці.

Апошнія навіны